Подпісы за вуліцу Каліноўскага ў Брэсце перадалі ў гарвыканкам
Пад прапановай мясцовых актывістаў зарэгістраванага ў Чэхіі "Маладога фронту" падпісаліся 260 чалавек.
Як распавядала Еўрарадыё, безыменная вуліца з'явілася пасля будаўніцтва новага моста праз раку Мухавец. Ініцыятары кампаніі аргументавалі, што назваць вуліцу імем Кастуся Каліноўскага варта ў гонар 150-годдзя паўстання 1863 года. Таксама, па словах маладафронтаўцаў, гэта зацікавіла б беларускай гісторыяй замежных гасцей, наплыў якіх чакаецца ў 2014 годзе на хакейны чэмпіянат свету.
У каментары Еўрарадыё брэсцкі маладафронтавец Яўген Скрабец паведаміў, што днямі заяву актывістаў і сабраныя да яе подпісы зарэгістравалі ў Брэсцкім гарадскім выканаўчым камітэце.
Скрабец: "Падалі гэтую заяву ў аддзел па працы са зваротамі грамадзян. Нам паведамілі, што цягам трох дзён будзе апублікаваны ў СМІ — гэта газета "Брестский вестник" альбо сайт гарвыканкаму — адказ. Мы адсочваем, але яго пакуль няма".
Нагадаем, што займець "уласную" вуліцу ў Брэсце таксама хоча кіраўніцтва мытні. Гарадскія ўлады прапанову падтрымалі, аднак ухвалілі назву новай вуліцы на беларускай мове як "Таможная", а не "Мытная".