Польшча чакае росту колькасці правакацый з боку Беларусі і Расіі
Матэвуш Маравецкі і Гітанас Наўседа / twitter.com/GitanasNauseda
"Прысутнасць наймітаў "Вагнера" ў Беларусі з'яўляецца дадатковым фактарам рызыкі для бяспекі Літвы, Польшчы і іх саюзнікаў па NATO", — заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Сёння ён у Сувалкскім калідоры правёў сустрэчу з прэм'ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім, на якой абмяркоўвалася сітуацыя з бяспекай на межах.
Маравецкі мяркуе, што колькасць правакацый з боку Беларусі і Расіі вырасце. "Расія і Беларусь павялічваюць ціск на мяжы, павялічваюць колькасць сваіх правакацый. Мы павінны разумець, што колькасць гэтых правакацый будзе расці", — перадае Reform.by ягоныя словы.
Мэта такіх правакацый, на яго думку, — дэстабілізаваць суседнія з Беларуссю краіны, а таксама паказаць слабасць усходняга флангу NATO.
Таксама кіраўнік польскага ўраду выказаў меркаванне, што з дапамогай вагнераўцаў, якія прыбылі ў Беларусь, Расія правярае рэакцыю Польшчы і Літвы. Ён згадаў, што з боку Беларусі сёлета было 16 тысяч спробаў парушэння мяжы. Маравецкі не выключае, што вагнераўцаў могуць выкарыстоўваць для выштурхоўвання мігрантаў у Польшчу. Таксама яны могуць маскіравацца пад нелегальных мігрантаў, каб трапіць на тэрыторыю краін NATO для дыверсійнай дзейнасці.
Як паведамлялася раней, 1 жніўня Польшча паведаміла пра два беларускія вайсковыя верталёты, якія парушылі яе паветраную прастору. Мінабароны Беларусі адмаўляе гэты факт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.