Польшча гатовая адкрыць пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Але ёсць умовы

Пункт пропуску "Бераставіца" ("Баброўнікі") быў зачынены ў лютым 2023 года / beresta.by

Пункт пропуску "Бераставіца" ("Баброўнікі") быў зачынены ў лютым 2023 года / beresta.by

Польшча гатовая адкрыць пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, калі Аляксандр Лукашэнка пойдзе на саступкі. Пра гэта заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Вонсік, піша Reform.by. Пытанне ўзнікла ў сувязі з кансультацыямі кіраўнікоў МУС Польшчы і краін Балтыі, якія прайшлі ў панядзелак. На сустрэчы, нагадаем, абмяркоўвалася пытанне аб поўным закрыцці межаў з Беларуссю. Журналісты спыталі Вонсіка пра магчымую рэакцыю Мінска на гэтую сустрэчу, ці ёсць шанец, што пазіцыя Лукашэнкі змякчыцца.

"Я спадзяюся, што памякчэе ў многіх вымярэннях, не толькі ў міграцыйнай палітыцы, але і ў гульні мускуламі", — заявіў намеснік кіраўніка польскага МУС. Паводле яго слоў, у Варшаве чакаюць, што Лукашэнка даможацца вываду групы "Вагнер" з Беларусі. "Гэта пэўная праблема ў перспектыве для Лукашэнкі, таму што калі ім нешта не спадабаецца ў Беларусі (беларускае войска слабае), могуць проста паехаць на Мінск, як ехалі на Маскву. Гэта будзе ім нашмат прасцей", растлумачыў сваю пазіцыю Вонсік. Ён таксама заявіў, што павінна вырашыцца і міграцыйнае пытанне, трэба зніжаць і ціск на мяжу.

"Калі Беларусь не хоча быць ізаляванай, то павінна пачаць супрацоўнічаць. Гэта, відавочна, павінна быць аплачана Беларусі. Можа быць, адкрыем частку памежных пераходаў, закрытых цяпер", сказаў ён. Але калі супрацоўніцтва і рэакцыі з беларускага боку не будзе, то ў пэўны момант усе тры краіны, Польшча, Літва і Латвія, гатовыя закрыць усе памежныя пераходы, у тым ліку і чыгуначныя, папярэдзіў польскі чыноўнік. У гэтым выпадку Беларусь фактычна будзе адрэзаная ад Еўропы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі