Польскі ваенны верталёт на мяжы з Беларуссю страціў узрывальнік ад ракеты
Так выглядае страчаны ўзрывальнік / twitter.com/DGeneralneRSZ
Адзін з польскіх вайсковых верталётаў падчас палёту ўздоўж мяжы з Беларуссю страціў узрывальнік ад ракеты. Пра гэта паведамілі ў галоўным камандаванні Узброеных сіл Польшчы.
Страту дэтанатара ад ракеты выявілі 8 жніўня пасля заканчэння баявых вылетаў верталётаў, якія патрулююць польска-беларускую мяжу.
У камандаванні падкрэсліваюць, што палёт адбываўся ўздоўж памежнай паласы і не праходзіў над населенымі пунктамі. Вайскоўцы дадаюць, што ўзрывальнік мае ўбудаваную абарону і не ўяўляе пагрозы для навакольнага асяроддзя.
Вайскоўцы апублікавалі фота ўзрывальніка — ён крыху большы за каробку запалак. Калі яго знойдзе хтосьці з грамадзянскіх асоб, яго просяць адзначыць месца знаходкі і паведаміць у бліжэйшую вайсковую часць або паліцыю.
У польскім камандаванні наконт страты дэтанатара кажуць: "Падчас баявых дзеянняў такія сітуацыі здараюцца". У якасці прыкладу прыводзяць Афганістан, дзе пасля вылетаў перыядычна выяўлялі недахоп элементаў абсталявання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.