Польскія перавозчыкі пачалі страйк супраць канкурэнтаў з Беларусі і Расіі

Польскія перавозчыкі страйкуюць супраць беларускіх і расійскіх канкурэнтаў / trans.info
Польскія перавозчыкі страйкуюць супраць беларускіх і расійскіх канкурэнтаў / trans.info

Польскія перавозчыкі пачалі страйк. Сярод іх патрабаванняў — блакаванне ўезду расійскіх і беларускіх паўпрычэпаў у Польшчу, піша trans.info.

Арганізатарам страйку выступілі транспартныя кампаніі Люблінскага ваяводства і палітыкі правай партыі "Канфедэрацыя". Прасля прэс-канферэнцыі арганізатараў грузавыя аўтамабілі накіраваліся да Варшавы. У сталіцу яны не заязджалі, а проста аб'ехалі яе па кальцавой дарозе.

Арганізатары страйку выставілі чатыры патрабаванні:

— блакаваць уезд расійскіх і беларускіх паўпрычэпаў у Польшчу;
— забараніць рэгістрацыю ў Польшчы кампаній з беларускім і расійскім капіталам;
— увесці адказнасць грузаадпраўшчыка за аплату паслуг транспартнай кампаніі;
— аднавіць дазволы для ўкраінскіх перавозчыкаў на двухбаковыя перавозкі.

Арганізатары патрабуюць, каб урад выканаў іх умовы цягам 14 дзён.

"Калі адказу не будзе, мы не спынімся на папераджальным страйку. Сёння многія перавозчыкі ставяць свае грузавікі ля плота, таму што каэфіцыент загрузкі ледзь дасягае 50 адсоткаў, так што калі яны стаяць ля плота тут, то з такім жа поспехам яны могуць стаяць на развязцы дэ Голя ў Варшаве", — кажуць арганізатары.

Праўда, падтрымалі страйк не ўсе. Прэзідэнт Асацыяцыі TLP Мацей Уронскі кажа, што яму сорамна за калег, якія падтрымалі акцыю: "Мне па-чалавечы сорамна. Мне сорамна за маіх калег-перавозчыкаў, якія не разумеюць, што (...) ва Украіне гінуць людзі, руйнуецца суседняя краіна, а яе абаронцы спыняюць расійскую агрэсію. Агрэсію, якая, калі б не іх барацьба, праз некалькі гадоў магла б распаўсюдзіцца на Польшчу, Літву, Латвію і Эстонію".

Уронскі не разумее забароны або перашкоды для беларусаў адкрываць бізнэс у Польшчы. Ён кажа, што падчас выбараў 2020 года беларусы паказалі, што як нацыя яны выступаюць на баку дэмакратыі. "Вядома, яны павінны дзейнічаць у адпаведнасці з польскім законам, як і польскія перавозчыкі. І тут з'яўляецца роля польскіх правяраючых службаў, якія павінны сачыць за тым, каб закон выконваўся. Як у кампаніях з польскім, так і з беларускім капіталам", — мяркуе ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі