“Прабачце, нас бамбяць!” Беларус збег ад пераследу КДБ і дапамагае арміі Ізраіля
Алег Барадзін жыве ў 20 км ад Газы, у яго руцэ – кавалак палестынскай ракеты
Апошнія некалькі гадоў Алег Барадзін жыве ў суцэльным стрэсе. Але пра падзеі са сваёй біяграфіі ад моманту затрымання ў Беларусі да ракетных абстрэлаў у Ізраілі ён гаворыць такім спакойным голасам, быццам нічога незвычайнага не здарылася.
У сакавіку 2022 года Алег заўважыў групу расійскіх вайскоўцаў на вакзале ў Гомелі. Кажа, яны былі п’яныя. Вырашыў іх зняць на тэлефон, каб распаўсюдзіць чарговы доказ прысутнасці расійскай арміі, што напала на Украіну, у Беларусі.
— У судзе было відэа з камеры крамы, дзе было відаць, як я надзяваю маску, іду за гэтымі армейцамі другой арміі свету, даводжу іх да вакзала і сыходжу. За гэта я атрымаў “адміністратыўку” паводле артыкула 19.11 [распаўсюджванне інфармацыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці — Еўрарадыё]. Адсядзеў 15 сутак. Потым пяць дзён сядзеў у хаце бязвылазна. За гэты час знайшліся добрыя людзі, якія падказалі, што на мяне ёсць нейкая справа і яна трохі ды патрохі вядзецца, доказы шукаюць. У той жа дзень я збег, узяўшы адну маленькую торбу. І праз два тыдні мяне аб'явілі ў вышук паводле 361-1 за экстрэмізм і паводле 130 артыкула за распальванне варожасці, — прыгадвае Алег Барадзін, як стаў палітуцекачом.
Спачатку ён пераехаў у Грузію, праз некаторы час уз’яднаўся там з жонкай і дзецьмі. А ў сакавіку 2022 сям’я як рэпатрыянты пераехала ў Ізраіль. Цяпер яны жывуць у горадзе Кір’ят-Гат, што ў 20 кіламетрах ад Газы.
— Ой, прабачце, нас бамбяць, — раптам перарывае размову Алег. — Ракеты паляцелі, дзеці пабеглі глядзець. Сабакі загаласілі. На ўсім небе відаць такія плямкі — гэта збіваюць ракеты. І самалёты нашы паляцелі ў той бок. Вось так мы і жывём.
Праз тое, што Кір’ят-Гат знаходзіцца ў аранжавай — значыць, небяспечнай — зоне, яго жыхары могуць не хадзіць на працу. Гэта для таго, каб менш людзей хадзіла па горадзе і рызыкавала. Улады забаранілі збірацца ў групы больш чым 10 чалавек на вуліцы і больш чым 50 чалавек – у памяшканнях. Алег працуе мэбельшчыкам у іншым горадзе, таму кожны дзень едзе на аўтобусе на працу ў бок Тэль-Авіва і кожны вечар вяртаецца дадому.
— А ў вольныя дні, у пятніцу і суботу, іду ў валанцёрскі цэнтр. Тут па-іншаму ніяк нельга. Уся краіна на колах. Усе бачылі ўсе гэтыя здзекі з людзей, як забівалі дзяцей. Тут ніхто не можа быць абыякавым, кожны дапамагае як можа. Хтосьці на сваіх машынах салдат развозіць, хтосьці прывозіць іх на адпачынак, калі іх адпускаюць дадому, хтосьці ежу і медыкаменты возіць, хто грошы дае, хто ідзе служыць у ЦАХАЛ, — расказвае Алег. — Мы збіраем у каробкі ўсё, што людзі прыносяць, пакуем і адвозім у тую ці іншую зону. У асноўным на поўдзень, да Газы. Адзін толькі раз вазілі ў бок Лівана.
— А што ў каробках? Гэта дапамога для вайскоўцаў або для цывільных?
— Гэта ў першую чаргу для ЦАХАЛа, у другую — для тых, хто збег. Цывільным тут вельмі моцна дапамагаюць. І жыллё даюць, і шмат чаго. Дапамога ў большай ступені для салдат, каб ім было больш камфортна служыць. Такім чынам і народ паказвае, наколькі ён неабыякава ставіцца да сваіх змагароў, і салдаты ЦАХАЛа бачаць, якой любоўю людзі да іх пранікнутыя.
— Ізраільская армія даволі магутная, добра забяспечаная, хіба не?
— Так-так! У іх там усё ёсць! Абсалютна ўсё. Перадаюць больш такія мілыя рэчы — шмат салодкага прыносяць, пячэнькі, шакаладкі, каву, гарбату. Ёсць у нас машыны, якія ездзяць каля гэтых ваенізаваных частак, — яны гатуюць гамбургеры, мяса, шашлыкі, нешта такое. Хлопцы і дзяўчаты, што служаць, гэта ядуць. Было такое, што ніхто з іх не хадзіў у армейскую сталоўку, — так добра людзі кормяць. Зубныя шчоткі, пасту, шкарпэткі, майткі, сродкі гігіены, шампуні перадаюць. І шмат ежы.
— Сям’я не абураецца, што вы не праводзіце вольны час з імі?
— А яны таксама ўцягнутыя. Вось дачка, ёй 8 гадоў, днямі першы раз валанцёрыла. Цэлы дзень цягала і пакавала скрынкі. Потым малявала карцінкі. Цяпер у яе ідэя фікс — намаляваць 1000 малюнкаў для ЦАХАЛа. У дзень па 50 малюнкаў робіць! Пакуль у нас іх 135.
— У стане вайны жыць складана… Не было думак наконт таго, каб дамоў вяртацца?
— Не-не-не. Як бы дрэнна ні было, Ізраіль нарадзіўся і жыве ў гэтай вайне, і тут людзі вельмі патрыятычныя. Усю сваю моц яны аддаюць радзіме. Такі патрыятызм я бачыў толькі ў 2020-м годзе падчас нашага пратэсту. Наколькі людзі кансалідаваныя, салідарныя…
— Але хіба вам не страшна?
— Ведаеце, прывыклі. Ну, лётае нешта зверху — хай лётае. Купал ёсць, ён саб'е. Ужо не хвалюемся.
— Ёсць выпадкі, калі не збіваў…
— Ну, адна ракета ў нашым горадзе трапіла ў турму. Палову будынку разарвала. Людзі жывыя, бо ўсе выйшлі ў бамбасховішча. Усё, што разбурана, — усё адбудуем, галоўнае, каб людзі болю не ведалі.
— Як вы дзецям тлумачыце, што адбываецца?
— Дзеці ведаюць, ім кажуць і псіхолагі ў школе. Як ёсць, так і кажуць. Гэта вайна, ёсць ізраільцяне, ёсць — ХАМАС, “Хезбала”, баевікі, якія знішчаюць ізраільскі народ. Так і кажуць у твар: гэта бандыты і ворагі, і мы ваюем.
— Вы так спакойна пра гэта расказваеце, быццам нічога асаблівага не адбываецца…
— Насамрэч гэта цяжка. Але жывём. Ніхто адсюль з'язджаць не будзе. Ізраільцяне не з'язджаюць, толькі людзі, якія не маюць ніякага дачынення да Ізраіля, — турысты, можа, хто тут часова працуе, выпадковыя людзі, якія ў сэрцы не маюць Ізраіля. А так людзі, наадварот, нават з Амерыкі, з Еўропы едуць сюды, бо гэта іх краіна і трэба нечым дапамагчы. Ізраіль усё адно пераможа. Тут такі народ, што яго не зламаць!
— Што вас больш за ўсё ўразіла ў Ізраілі за той кароткі час, што вы тут?
— Калі пачалася вайна, мы з жонкай гэту краіну яшчэ ў сэрцы не прымалі. Яна ўсё ж чужая, тут іншая культура, іншыя людзі. Сумесь сіянізму, амерыканізму, арабскае ўздзеянне ёсць. Але калі мы сядзелі ў бамбасховішчы, хваляваліся, і да нас падбягалі людзі, казалі, што ўсё добра, супакойвалі... І цяпер, калі я назіраю, як людзі дапамагаюць, як самаарганізоўваюцца — я разумею, што тут менавіта і трэба жыць. Гэтыя людзі такія моцныя, што няма слоў! Так адбылося, што я таксама частка гэтай краіны, і ўсё, што магу, я пастараюся зрабіць — дзеля яе і дзеля ізраільскага народа. Ну, а потым зменіцца ў нас улада — і мы туды паедзем. Ужо навучаныя гэтай салідарнасцю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.