Працяг справы "ДАІ супраць дацэнта". Выкладчыка БДУ зноў выклікаюць у суд
Супрацьстаянне праваахоўнікаў і дацэнта кафедры класічнай філалогіі БДУ, выкладчыка латыні і грэчаскай мовы Дзмітрыя Гомана пачалося яшчэ 17 верасня. У той дзень дацэнт зрабіў заўвагу супрацоўнікам ДАІ. Ён заўважыў, што адзін з патрульных здымаў парушэнні на свой ўласны мабільны тэлефон.
Канфлікт універсітэцкага выкладчыка з экіпажам ДАІ прывёў да таго, што Дзмітрый Гоман двое сутак правёў на Акрэсціна, а потым двойчы з'яўляўся на судовыя паседжанні. У першы раз яго не адбылося — суддзя накіраваў міліцэйскі пратакол на дапрацоўку адразу, без разгляду справы. Другі раз паседжанне па справе Гомана цягнулася крыху больш за гадзіну, на яго нават з'явіліся супрацоўнікі ДАІ. Аднак суддзя ізноў накіравала пратакол на дапрацоўку. Пачытаць, як праходзілі суды па справе "ДАІ супраць дацэнта", можна тут і тут.
Выкладчык БДУ зрабіў заўвагу супрацоўнікам ДАІ і трапіў на Акрэсціна
"Я прыпаркаваўся і зрабіў яму заўвагу, бо супрацоўнік ДАІ не мае права гэтага рабіць паводле Закона аб інфармацыі і інфарматызацыі. Супрацоўнік ДАІ адмовіўся прыбіраць з відэазапісу мой аўтамабіль, адмовіўся выдаляць відэазапіс. Адмовіўся прадставіць нейкія дакументы на гэты тэлефон. Свае парушэнні не прызнаў"
Як дацэнта БДУ судзілі за непадпарадкаванне ДАІшнікам
"Вам так вось у "Вайбер" скінулі дапрацаваны пратакол і ўсё? Не запрашалі ў РУУС, каб азнаёміцца са зменамі, нічога больш?" ― пытаецца ў Гомана на пасяджэнні суддзя Марына Фёдарава.
Як стала вядома, Дзмітрыя Гомана ізноў выклікаюць у суд, паседжанне па яго справе пройдзе ў сераду, 16 лістапада, у судзе Савецкага раёна, пачатак у 10.30.
"Мне даслалі новую, дапрацаваную версію пратакола па пошце. Але яна нічым не адрозніваецца ад папярэдняй. Магчыма, адным-двума словамі. Я не ездзіў у РУУС падпісваць новы пратакол. Проста прыслалі па пошце і ўсё. Яшчэ, відаць, змяніўся суддзя", — расказвае Гоман у размове з Еўрарадыё.
Гомана вінавацяць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Яму пагражае штраф альбо адміністрацыйны арышт. "Думаю, рашэнне па маёй справе ўжо ёсць. Дадуць альбо 2 сутак, якія я ўжо адседзеў, альбо штраф", — гаворыць выкладчык.
Адначасова Дзмітрый Гоман спрабуе прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў ДАІ. Дацэнт БДУ перакананы, што яны павінныя адказаць за дапушчаныя парушэнні. Гоман звярнуўся ў пракуратуру Савецкага раёна, адкуль атрымаў адмову ў разглядзе справы.