Працяг судоў па справе symbal.by: дзве супрацоўніцы атрымалі па 15 сутак
Суд Савецкага раёна закончыў адміністрацыйныя працэсы супраць супрацоўнікаў крамы symbal.by. 4 лютага разглядалі справы Анастасіі Трафімчык і Вольгі Ігнатовіч, на якіх склалі па два пратаколы — арт. 23.34 і арт. 23.4 КаАП.
Суддзя Марына Фёдарава прызнала Анастасію Трафімчык вінаватай у непадпарадкаванні і пакарала яе 15-сутачным арыштам. Пратакол паводле арт. 23.34 (несанкцыянавае мерапрыемства) суддзя адправіла на дапрацоўку, паведамляе ТГ-канал "Вясна назірае".
На тыя ж самыя 15 сутак суддзя Сяргей Шаціла асудзіў Вольгу Ігнатовіч. Ён таксама адправіў на дапрацоўку пратакол па арт. 23.34 КаАП.
Напярэдадні супрацоўнікі symbal.by Мікіта Броўка і Ксенія Міклашэўская былі асуджаныя на 20 сутак. Як напісаў уладальнік крамы Павел Белавус, іх асудзілі за тое, што яны нібыта "праводзілі пікетаванне шляхам размяшчэння прадукцыі з сімволікай на прылаўку крамы".
Усе супрацоўнікі крамы знаходзяцца ў ізалятары з 30 студзеня.
Дарэчы, сёння Белавус паведаміў, што іх пастаўшчыкоў выклікаюць у АБЭЗ і прапануюць не супрацоўнічаць надалей з крамай symbal.by.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.