Прадпрымальнік атрымаў 25 сутак арышту за майку з афіцыйным гербам Рэчыцы
Прадпрымальнік Дзяніс Шылянок атрымаў 25 сутак адміністрацыйнага арышту за майку з афіцыйным гербам Рэчыцы. Як паведамляе palesse.press, яго затрымалі 27 траўня ў цэнтральным парку Гомеля. У абласны цэнтр Шылянок прыехаў па справах і, пакуль чакаў сяброў, вырашыў прагуляцца па парку. Спачатку за ім хадзілі мужчыны ў цывільным, пасля з'явіліся міліцыянеры.
"Яны спыталі мяне пра майку, якая была на мне, сказалі, што на ёй палітычная выява, — расказвае прадпрымальнік. — На ёй на грудзях была выява афіцыйнага герба Рэчыцы [харугва з выявай "Пагоні"]. Я адказаў, што я з Рэчыцы, а гэта — герб майго роднага горада, я люблю свой горад".
Аднак яго завезлі ў Цэнтральны РАУС Гомеля, дзе правялі вобшук. Міліцыянеры сказалі, што цяпер у такіх майках лепш не хадзіць. Зрабілі мужчыне заўвагу і за белую кепку, на якой чырвоным колерам нанесены лагатып брэнду Nike.
Судзілі ж Дзяніса Шылянка за налепкі, якія ён нібыта распаўсюджваў у парку, а значыць "пікетаваў". Суддзя Сяргей Кармановіч адправіў яго на 25 сутак за краты. Раней Шылянок ужо двойчы трапляў пад арышт за ўдзел у пратэстах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.