Прадпрымальнікі: адмовімся ад маршу пратэсту, калі нам пойдуць на саступкі
Акцыю пратэсту дробныя гандляры плануюць на 15 ліпеня і пакуль чакаюць дазволу мінскіх гарадскіх уладаў.
Арганізатары Маршу прадпрымальнікаў гатовыя адмовіцца ад яго правядзення, калі ўлады скарэктуюць пастанову ад спрашчэнні парадку сертыфікацыі тавараў і дазволяць іпэшнікам цягам года працаваць без суправаджальных дакументаў. Пра гэта заявіў БелаПАН актывіст РГА “Перспектыва” Вячаслаў Піліпук.
Пастанову аб спрашчэнні парадку сертыфікацыі тавараў падпісалі 21 чэрвеня шэраг ведамстваў. Згодна з гэтым дакументам для прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў адзінага падатку спрашчаецца працэдура сертыфікацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза. Пры гэтым прадпрымальнікі павінны падаць суправаджальныя дакументы на тавар. Але раней згодна з беларускім заканадаўствам, іпэшнікаў вызвалілі ад неабходнасці мець такія дакументы, таму прынятая пастанова не вырашае іх праблемаў.
Калі Міністэрства гандлю адменіць пункт пра суправаджальныя дакументы, праблема будзе вырашаная і гандляры гатовыя адмовіцца ад акцыі пратэсту, а таксама ад страйку, які можа пачацца ўжо 1 ліпеня.
Фота: svaboda.org