Прадстаўніца Дзярждэпа ЗША запэўніла ў моцнай падтрымцы беларускага суверэнітэту

Робін Даніган і Святлана Ціханоўская / https://www.facebook.com/usembassy.minsk/
Робін Даніган і Святлана Ціханоўская / https://www.facebook.com/usembassy.minsk/

У панядзелак у Вільні прайшла сустрэча Святланы Ціханоўскай і намесніцы памочніка дзяржсакратара ЗША Робін Даніган. Як паведамляе прэс-служба амерыканскай амбасады ў РБ, яны абмеркавалі "падзеі ў Беларусі і ва Украіне". Даніган запэўніла Ціханоўскую, што "падтрымка ЗША беларускай дэмакратыі і суверэнітэту застаецца моцнай".

Нядаўна стала вядома, што Дзярждэпартамент ЗША "шукае прыдатную кандыдатуру" на пасаду спецыяльнага амбасадара па Беларусі. Плануецца, што працаваць дыпламат будзе ў Вільні, а не ў Мінску. Былая амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулія Фішэр пакінула пасаду ў чэрвені 2022-га. Яна так і не змагла трапіць у Беларусь, бо ўлады РБ не выдалі ёй візу. Фішэр пэўны час працавала ў Вільні.

Сёлета Злучаныя Штаты адказалі персанальнымі санкцыямі супраць чыноўнікаў і дэпутатаў на "завочныя суды" ў Беларусі. Ранейшыя санкцыі ўводзіліся ў адказ на фальсіфікацыю вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м і на рэпрэсіі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі