Прадстаўнікі Беларусі і ЕС правялі першы раўнд перамоваў па правах чалавека

Першы раунд дыялога па правах чалавека па лініі Беларусь — ЕС адбыўся 28 ліпеня ў Бруселі.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, падчас перамоваў абмеркавалі шэраг пытанняў, сярод якіх стварэнне інстытута па правах чалавека і тэматыка свабоды слова, выказванняў і збораў. Таксама абмяркоўвалася прымяненне смяротнай кары, барацьба з відамі абыходжання, якія прыніжаюць чалавечую годнасць, а таксама датрыманне правоў дзіцяці. Апроч таго, прадстаўнікі Беларусі і ЕС абмеркавалі пытанні ўзаемадзення ў ААН.

У інфармацыі знешнепалітычнага ведамства адзначаецца, што Беларусь і Еўрасаюз прадэманстравалі прыхільнасць паглыбленню дыялога, у тым ліку па тэматыцы правоў чалавека. Перамовы дазволілі “правесці шчыры і паважлівы першапачатковы абмен меркаваннямі па сутнасці пытанняў з мэтай наступнага ўмацавання ўзаемнага даверу і развіцця супрацоўніцтва”.

На перамовах беларускую дэлегацыю ачольваў начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС Юрый Амбразевіч, а дэлегацыю ЕС — начальнік упраўлення правоў чалавека і дэмакратыі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Сільвіё Ганзата.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі