Праезд ва Украіну праз пункт пропуску "Камарын" часова спынены
У пункце пропуску "Камарын" на беларуска-ўкраінскай мяжы часова спынены пропуск грамадзян і аўтатранспарту ў абодва бакі, інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта.
Паведамляецца, што праблемы ўзніклі ва ўкраінскага боку. У пункце пропуску "Славуціч", сумежным з беларускім "Камарыным", з'явіліся тэхнічныя праблемы з электразабеспячэннем.
Дзяржаўны памежны камітэт рэкамендуе карыстацца найбліжэйшымі пунктамі пропуску — "Новая Гута", "Аляксандраўка", "Новая Рудня". Пра аднаўленне пропуску людзей і транспарту праз пункт "Камарын" памежнікі абяцаюць паведаміць дадаткова.