Прафсаюз работнікаў ЕГУ прапаноўвае пачаць выбары рэктара нанова

Прафсаюз работнікаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) звярнуўся да ўдзельнікаў агульнага сходу заснавальнікаў ВНУ. Прафсаюз прапаноўвае "перазапусціць працэс выбараў рэктара". Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў старшыня прафсаюза EHUnion Канстанцін Ткачоў. Зварот адпраўлены заснавальнікам і адміністрацыі ВНУ 2 сакавіка.

Між тым, ужо 2 сакавіка на агульным сходзе заснавальнікаў ЕГУ можа быць названае імя новага рэктара. Раней паведамлялася, што кандыдатамі на пасаду рэктара з'яўляюцца лідар руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, выканаўца абавязкаў рэктара ЕГУ Дэвід Полік, гісторык Алесь Краўцэвіч, выкладчыца ЕГУ філосаф Таццяна Шчытцова, прарэктар па развіцці і камунікацыі ЕГУ Дарыюс Удрыс і дырэктар офіса Інстытута міжнароднай адукацыі (Масква) Эдвард Рослаф.

Прафсаюз заклікаў удзельнікаў агульнага сходу саўладальнікаў "распусціць існуючую камісію па адборы кандыдатаў на пасаду рэктара ЕГУ ў сувязі з тым, што ў яе склад уваходзяць асобы, якія неаднаразова парушалі статут і працэдуры ВНУ". Акрамя таго, прапаноўваецца не браць да ўвагі рэкамендацыі гэтай камісіі наконт выбару рэктара.

Прафсаюз прапаноўвае распрацаваць, прыняць і публічна абвясціць палажэнне аб выбарах рэктара ЕГУ, сфармаваць новую камісію з прыцягненнем міжнародных і беларускіх экспертаў, а таксама прадстаўнікоў акадэмічнай грамадскасці ВНУ. Саму камісію прапаноўваецца зрабіць незалежнай ад цяперашняй сістэмы кіравання ўніверсітэтам.

Па словах Ткачова, 24 лютага 2015 года ЕГУ прайграў суд з літоўскімі кантралюючымі органамі. Літоўскія ўлады прызналі, што рашэнні адміністрацыі ЕГУ па звальненні выкладчыкаў на пачатку 2014 года парушалі статут і працэдуры ўніверсітэта.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі