Пракуратура адмовілася разглядаць петыцыю пра ўмовы на Акрэсціна
Пракуратура Мінска адмовілася разглядаць петыцыю з патрабаваннем праверыць умовы ўтрымання ў ЦІП на Акрэсціна. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе на петыцыю на сайце petitions.by. Падпісаў яго начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў У. Крукоўскі.
Фатаздымкі з "палітычных" камераў Акрэсціна апублікавалі напрыканцы ліпеня праваабаронцы "Вясны". На здымках было бачна, што ў перапоўненай камеры людзі спяць на стале і падлозе, у іх няма ніякай пасцельнай бялізны.
Беларусы склалі петыцыю ў пракуратуру з патрабаваннем праверыць гэтыя ўмовы і прыняць меры.
У адказе з пракуратуры гаворыцца, што падаваць скаргі могуць толькі грамадзяне, чые правы былі парушаныя, альбо іх паўнамоцныя прадстаўнікі. Таму петыцыя пакінутая без разгляду.
Дарэчы, афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў у каментары "Народнай Волі" таксама выказаў сумнеў у сапраўднасці фота і заявіў, што цяпер з'яўляецца шмат фэйкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.