Пракуратура апратэставала мяккі прысуд па смяротнай экстазі-вечарынцы

Фота: Марыя Вайтовіч
Фота: Марыя Вайтовіч

У Мінску зноў будуць судзіць удзельнікаў экстазі-вечарынкі, падчас якой ад перадазіроўкі загінула 19-гадовая Дыяна. Пракуратура апратэставала прысуд, які палічыла занадта мяккім. Новае слуханне па справе пройдзе 26 сакавіка.

"Гэта было неверагодна. Здаецца, упершыню падсудных не адправілі ў калоніі, як бывала раней, — адзначае дзіцячая пісьменніца Марыя Бяршадская, сяброўка сям'і аднаго з асуджаных хлопцаў. — Маленькі крок наперад. Судовая гісторыя скончаная. Але аказалася, што кропку ў гэтай справе ставіць яшчэ рана" .

У студзені маладых людзей асудзілі па частцы 1 артыкула 328 за незаконны абарот наркотыкаў. 21-гадоваму Антону суд прызначыў тры гады абмежавання волі, ён правядзе іх у папраўчай установе. Соф'ю, якая разам з Антонам купляла экстазі, прысудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі" (абмежаванне волі без адпраўлення ў папраўчую ўстанову). Астатнія ўдзельнікі вечарынкі — Фёдар, Кіра, Марыя, Кацярына і Ілля — пакараныя двума гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады.

Па словах бацькі Антона Івана, новае пасяджэнне 26 сакавіка будзе, хутчэй за ўсё, закрытым.

"Сведак не клічуць, паўторны працэс не ладзяць, — распавёў ён Еўрарадыё. — Матэрыялы справы вывучаныя. Запусцяць фігурантаў і адвакатаў. Выступіць прадстаўнік пракуратуры. Суддзя зачытае ўсю гэтую карціну ў іх разуменні і інтэрпрэтацыі. Хутчэй за ўсё, рашэнне будзе агучанае ўжо заўтра [26 сакавіка. — Еўрарадыё]".

Прэс-сакратар Вярхоўнага суда Юлія Ляскова сцвярджае, што пасяджэнне будзе адкрытым.

Пракуратура на першым судзе прасіла для маладых людзей тэрміны ад двух да трох гадоў калоніі. Іван кажа, што пасля вынясення мяккага прысуду сябры трымаліся разам і максімальна займаліся наладжваннем свайго жыцця. Антон з групай запісвалі матэрыял для альбома, сыгралі канцэрт. Яшчэ Антон ажаніўся з Машай. Кіра зняла кватэру, з'ехала ад мамы, Соня і Каця ўвесь час на працы, Федзя і Ілля вучацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі