Пракуратура накіравала ў суд іск аб ліквідацыі ў Брэсце "Польскай школы"
Пракуратура Брэста накіравала ў эканамічны суд вобласці іск аб ліквідацыі ў горадзе юрыдычнай асобы ТАА "Польская школа". Падстава падаецца наступным чынам: "У сувязі з грубым парушэннем заканадаўства, якое пацягнула прычыненне шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам".
10 сакавіка была распачата крымінальная справа "па факце здзяйснення групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму" (ч. 3 арт. 130 КК). Адбылося гэта пасля скандалу са святкаваннем "Дня праклятых салдатаў", якое адбылося ў польскіх арганізацыях Брэста 28 лютага. МЗС Беларусі выслаў з краіны польскага консула ў Брэсце, Польшча абвясціла, што высылае ў адказ беларускага дыпламата. Далей афіцыйны Мінск паведаміў пра высылку польскага консула ў Гродне, Варшава на гэта зноў адказала.
У Брэсце прайшлі затрыманні. За кратамі знаходзіцца сузаснавальніца "Польскай школы" Ганна Панішава. Сілавікі правяралі ў розных гарадах польскія адукацыйныя цэнтры.
Пракуратура заяўляе пра "абясцэньванне гістарычнай памяці беларускага народа" з удзелам польскіх актывістаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.