Праваабарончую арганізацыю "Платформа" можа канфіскаваць дзяржава
Яе ўладальніка Міхаіла Жамчужнага з Віцебска абвінавачваюць у перадачы шпіёнскага гузіка супрацоўніку міліцыі і хабары.
Праваабарончая арганізацыя "Платформа" займаецца правамі зняволеных. Калі арганізацыю закрылі некалькі гадоў таму, трэба было знайсці “незасвечанага” чалавека, каб перарэгістравацца. Так, уладальнікам прыватнай установы "Платформа" стаў Міхаіл Жамчужны. Прачытаць пра яго можна на сайце арганізацыі. Калі казаць коратка, Жамчужны — навуковец, яму 59 гадоў, далучыўся да "Платформы" пасля таго, як сам трапіў за краты. Цяпер яго чакае суд.
Перадаваў камеру-гузік міліцыянеру
"Згодна з тымі дакументамі, якія перадаў нам Міхаіл, ён абвінавачваецца ў зборы інфармацыі, якая складала службовую таямніцу, у распаўсюджанні сродкаў, прызначаных для таемнага збору інфармацыі, і ў даванні хабару", — кажа дырэктар "Платформы" Алёна Красоўская-Каспяровіч.
Адвакат Жамчужнага знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Таму падрабязнасці справы не вядомыя. Праваабаронцы маюць толькі тыя дакументы, якія паспеў пераслаць сам Міхаіл.
Як даведалася Еўрарадыё, Міхаіл Жамчужны перадаваў супрацоўніку МУС схаваныя відэакамеры, замаскіраваныя пад гузік і бірульку, каб той здымаў нейкія падзеі, і перадаваў гэтыя запісы праваабаронцу. Цяпер міліцыянер таксама пад следствам.
За гузік з камерай можна атрымаць да 4 гадоў
У Крымінальным кодэксе ёсць артыкул “Незаконны выраб, набыццё ці збыт сродкаў для негалоснага атрымання інфармацыі”. Набываць такія прылады з мэтай збыту незаконна. А збытам можа лічыцца не толькі продаж, але і перадача іншай асобе. Нават калі падараваць некаму такі гузік — гэта лічыцца парушэннем Крымінальнага кодэкса, за што пагражае 4 гады турмы. Жамчужнага абвінавачваюць па другой частцы артыкула 376 — гэта тое ж злачынства, але здзейсненае ў змове некалькімі асобамі.
"Платформу" можа канфіскаваць дзяржава
Арганізацыя з'яўляецца прыватнай установай, якая належыць аднаму Міхаілу Жамчужнаму
"А даванне хабару — артыкул, які прадугледжвае канфіскацыю маёмасці. Наша арганізацыя будзе канфіскаваная, як і ўся маёмасць, якая належыць Міхаілу. Для нас гэта, вядома, чарговы віток новай рэгістрацыі, але калі не будзе іншага выхаду, зноў будзем рэгістравацца і працаваць далей", — тлумачыць Алёна Красоўская-Каспяровіч.
Калі суд прыме такое рашэнне, то арганізацыя стане ўласнасцю дзяржавы, якая яе можа зачыніць.
Пакуль мала дакументаў, каб рабіць нейкія высновы. Таму калегі мяркуюць, што Жамчужны збіраў нейкую інфармацыю. Да таго ж, ён камунікаваў толькі з Андрэем Бандарэнкам, які цяпер знаходзіцца у турме за хуліганства. Таму рабіць нейкія заявы можна будзе толькі пасля прысуду. А суд, хутчэй за ўсё, будзе закрыты, мяркуюць праваабаронцы "Платформы".