Праваабаронцы просяць ААН дапамагчы Новай Баравой

Чарга па ваду ў Новай Баравой / @nashaniva​
Чарга па ваду ў Новай Баравой / @nashaniva​

Зварот у Арганізацыю Аб'яднаных Нацый праз сітуацыю са зніклай вадой у мікрараёне Новая Баравая рыхтуе праваабарончая арганізацыя "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" (БХК).

Кіраўнік БХК Алег Гулак нагадаў, што доступ да чыстай пітной вады з'яўляецца, згодна з міжнароднымі стандартамі, важным умовай жыцця і неад'емным правам чалавека.

"Гэта парушэнне асноўных правоў чалавека, і гэта адбываецца ў адказ на пазіцыю людзей, якія там жывуць, з мэтай прымусіць іх адмовіцца ад свайго слова, ад свабоды слова",сказаў Гулак "Радыё Свабода".

Па яго словах, выкарыстоўваюцца незаконныя метады.

"Гэта новае слова ў рэпрэсіях, улада выкарыстоўвае сацыяльныя і бытавыя ўмовы для ціску", — сказаў праваабаронца.

Вады няма ў Новай Баравой ужо некалькі дзён. Напярэдадні ў Мінгарвыканкаме паведамілі, што вада знікла праз тое, што пашкоджаная запорная арматура. Прычынай аварыі, паводле версіі гарадскіх уладаў, магло быць наўмыснае шкодніцтва. Для жыхароў мікрараёна быў арганізаваны падвоз пітной вады.  

У аўторак стала вядома, што ў Новай Баравой таксама знікла і ацяпленне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі