Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ дваіх чалавек
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі брастаўчанку Вольгу Завадскую (абвінавачаную па ч. 2 арт. 339 КК і ўзятую пад хатні арышт) і аршанца Міхаіла Беркаса (асуджаны на адзін месяц арышту па арт. 341 КК).
На сёння ў Беларусі 288 палітвязняў.
Завадскую вінавацяць у хуліганстве за зробленае пудзіла Аляксандра Лукашэнкі. Да пудзіла былі прымацаваныя два аркушы паперы з надпісамі “Скраў галасы” і “Асудзіў невінаватых”. Разам з іншымі брастаўчанамі Завадская вывесіла пудзіла на дрэве каля Варшаўскай шашы.
"Сутнасць дзеянняў — змест надпісаў, а таксама выгляд пудзіла, па нашым меркаванні, сведчаць аб іх пратэстным змесце. Відавочна, што мэтай дадзенага ўчынку было выказванне свайго пратэсту і нязгоды з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і склаўшайся сітуацыяй у краіне ў поствыбарчы перыяд", — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў. Яны лічаць, што гэтыя дзеянні нельга кваліфікаваць як хуліганства, бо гэта выказванне мервання.
Аршанца Міхаіла Беркаса асудзілі 24 лютага, прызнаўшы вінаватым у апаганьванніе збудаванняў і псаванні маёмасці. Мужчына зрабіў некалькі палітычных графіці (Жыве Беларусь, 3% і г.д.) у аршанскім мікрараёне Заходняя. На думку суда, ён пашкодзіў аб’екты, што выявілася “ў зніжэнні іх эстытычных характарыстык шляхам пашкоджання абаронча-дэкаратыўнага пакрыцця”, і нанёс матэрыяльную шкоду іх уладальнікам на суму 583 рублі 57 капеек.
"У сувязі з гэтым мы ў чарговы раз адзначаем, што змест надпісаў у кантэксце грамадска-палітычных падзей і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне на працягу апошніх месяцаў, сведчаць аб тым, што матывамі іх нанясення было выказванне меркавання на дадзеныя грамадска значныя тэмы", — падкрэсліваюць праваабаронцы.
На іх думку, дзеянні Завадскай і Беркаса трапляюць пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваіць Завадскую і Беркаса ды спыніць іх крымінальны пераслед. Таксама яны заклікаюць неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў краіне.
Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр “Вясна” (зачынены ўладамі), РГА "Прававая ініцыятыва", кансультацыйны цэнтр "Х'юман канстанта”, цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, простае таварыства "Ініцыятыва FORB", РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", Беларускі дакументацыйны цэнтр.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.