Праваслаўныя вернікі Беларусі святкуюць Раство
Беларускія праваслаўныя вернікі 7 студзеня адзначаюць Раство Хрыстова, адно з цэнтральных хрысціянскіх святаў. У ноч на суботу святочныя набажэнствы прайшлі ва ўсіх праваслаўных храмах краіны. Галоўная ўсяночная служба адбылася ў мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы. Яе правёў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.
Падчас ютрані, перад паліелеем, клірык кафедральнага сабора архімандрыт Алексій (Шынкевіч) зачытаў пасланне на Раство мітрапаліта Паўла, тэкст якога быў на беларускай мове, паведамляе партал Church.by
У сваім пасланні кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы павіншаваў вернікаў са святам Нараджэння Хрыста.
“Гасподзь запаведаў нам любіць адзін аднаго, захоўваць адзінства царкоўнае, несці людзям мір Хрыстоў і дабро, быць лагоднымі і цярплівымі, быць руплівымі ў малітве і ў служэнні слабым і абяздоленым”, — гаворыцца ў пасланні.
Мітрапаліт Павел адзначае, што “мінулы год быў няпростым”, але “прынёс нам і нямала духоўнай радасці”.
“У 2016 годзе Беларуская Праваслаўная Царква і Дзяржава працягнулі супольную працу ў галіне аховы і захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Асаблівая ўвага надаецца захаванню традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа, духоўна-маральнаму выхаванню падрастаючага пакалення і прафілактыцы негатыўных з’яў і іх наступстваў у грамадстве. У аснову культуры і дзяржаўнасці Беларусі закладзены хрысціянскія каштоўнасці, якія з’яўляюцца самым верным арыенцірам не толькі ў жыцці хрысціяніна, але і асобнага чалавека. Дзяржава сёння падтрымлівае Царкву ў яе патрыятычных ініцыятывах і пропаведзі набожнага ладу жыцця”, — адзначае мітрапаліт Павел.
“Святая Праваслаўная Царква заклікае кожнага з нас старанна працаваць над ачышчэннем і праабражэннем сваёй душы, бо духоўная перамена самога сябе — залог і аснова для праабражэння ўсяго народа нашай Бацькаўшчыны”, — сказана ў пасланні.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел пажадаў вернікам добрага здароўя, міра, дабрабыту “і невычэрпнай благадатнай дапамогі Божай у вашых подзвігах і працы на славу Святой Царквы Хрыстовай, на карысць роднай Бацькаўшчыны і на карысць усіх нашых бліжніх”.