Праз дамову між КНДР і РФ у МЗС Паўднёвай Карэі выклікалі расійскага амбасадара

Пасол Расіі ў Паўднёвай Карэі Георгій Зіноўеў

Пасол Расіі ў Паўднёвай Карэі Георгій Зіноўеў / Yonhap

Расійскага амбасадара ў Сеуле выклікалі ў МЗС Паўднёвай Карэі. Падставай зрабілася падпісанне дамовы аб стратэгічным партнёрстве паміж Масквой і Пхеньянам, паведамляе агенцтва Yonhap.

У паўднёвакарэйскім МЗС Георгію Зіноўеву, кіраўніку расійскай дыпмісіі, сказалі, што ваеннае супрацоўніцтва РФ і КНДР парушае рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН, а таксама негатыўна ўплывае на "расійска-карэйскія адносіны" і на сітуацыю ў рэгіёне. Агенцтва ТАСС, са свайго боку, паведаміла пра рэакцыю Зіноўева. Ён нібыта заявіў паўднёвакарэйскім дыпламатам "пра непрымальнасць спробаў шантажу і пагрозаў".

На фоне падпісанай дамовы ўрад Паўднёвай Карэі паведаміў пра намер перагледзець сваю забарону на пастаўкі зброі і боепрыпасаў Украіне. У Адміністрацыі прэзідэнта Юн Сок Ёля ўжо вывучаюць магчымасць паставіць Кіеву розныя віды ўзбраенняў, у тым ліку 155-мм артылерыйскіх снарадаў і сістэмаў супрацьпаветранай абароны. ВВС нагадвае, што Паўднёвая Карэя — адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў зброі. Але дагэтуль Сеул устрымліваўся ад яе паставак Украіне.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін ужо адрэагаваў на гэтыя заявы. Ён заявіў, што пастаўкі "смяротнай зброі ў зону баявых дзеянняў ва Украіну" з Паўднёвай Карэі "былі б вельмі вялікай памылкай". І прыгразіў рашэннямі, "якія наўрад ці спадабаюцца сённяшняму кіраўніцтву Паўднёвай Карэі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі