Прэм'ер Беларусі распавёў, колькі будуць рэгуляваць кошты
Сам Галоўчанка называе антыінфляцыйную палітыку Беларусі "неардынарнай" / planetabelarus.by
Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка распавёў, што сістэма рэгулявання цэн пакуль “будзе працягваць працаваць". Рэгуляванне можа быць адменена, калі "інфляцыя прыйдзе ў норму".
Галоўчанка заявіў, што ў Беларусі ўжо трэці месяц назіраецца дэфляцыя — цэны становяцца ніжэйшымі. У лістападзе — мінус 1,1%. Прэм'ер спадзяецца, што па выніках года інфляцыя складзе 12-13%.
Чыноўнік не патлумачыў, што значыць "норма" для цэн. Нацбанк планаваў інфляцыю па выніках года на ўзроўні 6%. У лістападзе 2021 года яна склала 13,3%.
Галоўчанка лічыць, што інфляцыя ў Беларусі такая высокая толькі з-за знешніх фактараў. Пры гэтым забарону Лукашэнкі павышаць цэны і пастанову Саўміна №713, якая апісвае, каму ўсё ж і на колькі можна іх павышаць, прэм'ер назваў "дастаткова неардынарным".
— У сусветнай практыцы рэдка ўжываюцца такога роду комплексныя рашэнні па рэгуляванні цэн.
На думку экспэртаў BEROC, перадумовы для зніжэння інфляцыі былі яшчэ да таго, як Лукашэнка з 6 кастрычніка забараніў цэнам расці.
З 6 кастрычніка ў Беларусі пачаліся затрыманні за павышэнне цэн. Праз "неардынарную" пастанову Лукашэнкі людзей караюць крымінальнымі тэрмінамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.