Прэм'ер РБ мог ездзіць у Лацінскую Амерыку ў спробе абыходу санкцый — ISW

Раман Галоўчанка

Раман Галоўчанка / "Мінск-Навіны"

Падчас паездкі ў Нікарагуа, Венесуэлу і Кубу Раман Галоўчанка мог падпісаць кантракты на пастаўкі беларускай прадукцыі, абсталявання і тэхналогій у абмен на тавары, якія Беларусь і Расія не могуць набыць праз заходнія санкцыі. Такое меркаванне выказалі ў Амерыканскім інстытуце вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі адзначаюць, што адразу пасля беларускага прэм'ера у Нікарагуа і Кубу прыляцеў старшыня Дзяржаўнай думы РФ Вячаслаў Валодзін.

Эксперты звяртаюць увагу, што Галоўчанка падчас візіту падпісаў кантракты на "мільёны долараў" на пастаўку неназваных беларускіх тавараў на Кубу ў абмен на экспарт у Беларусь. Таксама былоабвешчана пра кантракты на 85 мільёнаў долараў, "накіраваныя на двухбаковае эканамічнае супрацоўніцтва, уключаючы пагадненне беларускага Банка развіцця аб фінансаванні пастаўкі больш за 700 адзінак неадзначанага абсталявання ў Нікарагуа".

На думку экспертаў ISW, гэтыя пагадненні могуць дзейнічаць у рамках расійскіх схем па абыходзе заходніх санкцый, у чым Беларусь дапамагае РФ.

Пры візіце ў Нікарагуа Галоўчанка агучваў зацікаўленасць Беларусі ў імпарце садавіны, кавы, какава-бабоў, морапрадуктаў, адзначае "Позірк". На Кубе ён адзначыў, што Беларусь цікавіцца медпрэпаратамі, а таксама пастаўкамі рому, какава-бабоў, кавы, пюрэ з садавіны ды інш. У Венесуэле кіраўнік урада РБ казаў пра сумесныя прадпрыемствы.

Візіт Галоўчанкі ў краіны Лацінскай Амерыкі адбываўся 14-20 ліпеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі