Прэс-сакратара АГП, расіянку Ганну Красуліну высылаюць з Беларусі
Прэс-сакратара Аб’яднанай грамадзянскай партыі, грамадзянку Расіі Ганну Красуліну высылаюць з Беларусі. Пра гэта яна паведаміла журналістам, даслаўшы электроннае паведамленне. Прычыну высылкі, а таксама тэрмін, цягам якога яна павінна пакінуць тэрыторыю Беларусі, Ганна не называе (АГП лічыць, што Красуліну высылаюць з палітычных матываў).
На ўдакладненні Еўрарадыё прэс-сакратар АГП сказала толькі, што сапраўды мае грамадзянства Расіі. Расказаць пра ўсе падрабязнасці высылкі і прычыны, па якіх не змяніла грамадзянства, Красуліна абяцае 14 лістапада на адмысловай прэс-канферэнцыі. Вядома, што яна нарадзілася ў Чалябінскай вобласці Расіі, вучылася, а пасля працавала ў Маскве. Прэс-сакратаром АГП стала ў 2011 годзе.
У 2015 годзе на тры гады з Беларусі была высланая грамадзянка Расіі, праваабаронца Алена Танкачова. Падставай для высылкі сталі чатыры выпадкі відэафіксацыі ДАІ нязначнага перавышэння хуткасці руху аўтамабілем, зарэгістраваным на імя праваабаронцы.