Прэзентацыя на Еўрарадыё: Кліп на песню “Не веру” гурта Дай Дарогу!
Брэсцкія панкі “Дай Дарогу!” прэзентуюць на Еўрарадыё кліп на адзіную сваю беларускамоўную песню “Не веру”.
“На рускай мове мы пісалі падобныя песні, з такім пасылам, — кажа лідар гурта Юрый Стыльскі. — Але нібыта яны не даходзілі да слухача. Таму мы вырашылі напісаць і на беларускай мове, спадзеючыся, што так будзе больш унушальна. І ў кліпе мы трошкі паказалі рэчаіснасць, тое, як у нас усё адбываецца”.
Здымкі кліпа праходзілі ў Брэсце ў снежні 2016-га года. Халодная пара года была выбраная адмыслова, каб музыкі і акцёры выглядалі адпаведна тэксту песні.
“Павільён, дзе здымалі, мы пабудавалі з нуля, — працягвае Юрый. — Гэта звычайная будоўля і нам трэба было паставіць там "ферму", каб падвесіць лямпы, падрыхтаваць паркет, які мы таксама рабілі сваімі рукамі, каб атрымаўся такі няроўны, з абрывамі… Карацей, было ўсё няпроста, падрыхтоўчы перыяд цягнуўся месяцы два”.
Паралельна “Дай Дарогу!” перазапісалі саму песню ва Украіне, каб палепшыць яе гучанне. Цяпер па словах Юры Стыльскага, калі паслухаць запіс у кліпе і, напрыклад, з таго ж “Вконтакта”, новае гучанне будзе на парадак лепшае.
Акцёраў для кліпа выбіралі шляхам кастынгу і сярод сяброў. Рэжысёрам выступіў Павел Малашонак:
“Гэтым відэа я жадаў адлюстраваць сітуацыю ў сучасным грамадстве, — кажа Павел. — На мой погляд, вельмі важна ў першую чаргу працаваць над сваім светапоглядам, не робячы асноўны націск на атачэнне, і самому вырашаць, што змяніць і што для гэтага трэба рабіць”.
Канцэртная прэзентацыя песні “Не веру” адбылася падчас штогадовай музычнай прэміі "Даём рады" ў лютым 2016 года.