Прэзентаваны першы беларускі электрамабіль (фота)
Нацыянальнай акадэміяй навук прэзентаваны першы беларускі электрамабіль. Эксперыментальны асобнік створаны на базе серыйнай машыны GeelySC7 беларускай зборкі. На гэта спатрэбілася менш за год. Магутнасць рухавіка складае 60 кВт. Мяркуецца, што гэтага дастаткова пры паездках па горадзе. Максімальная хуткасць — 110 кіламетраў за гадзіну.
БЕЛТА адзначае, што ўся кампанентная база цягавага электрапрывада легкавіка лакалізаваная ў нашай краіне. Купляць у Расіі давялося толькі цягавую батарэю-назапашвальнік электраэнергіі. Аднак ужо пастаўленая задача наладзіць вытворчасць батарэй у Беларусі. Дарэчы, назапашвальнік можна зараджаць і ад звычайнай электрычнай разеткі (спатрэбіцца каля шасці гадзін), і ад спецыяльнага зараднага прыстасавання.
Фота: БЕЛТА