Прэзідэнцкія або парламенцкія выбары могуць перанесці на восень 2019-га
Адну з выбарчых кампаніяў 2020 года могуць перанесці на больш ранні час. Пра гэта старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына распавяла ў інтэрв'ю агенцтву БЕЛТА.
У 2020 годзе амаль адначасова мусяць прайсці прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Выбары прэзідэнта мусяць адбыцца не пазней за 30 жніўня, а выбары ў Палату прадстаўнікоў — не пазней за 10 верасня.
Ярмошына мяркуе, што гэтыя дзве кампаніі нельга сумясціць. "Хутчэй за ўсё, калі прыйдзе час, будзе прынята адпаведнае палітычнае рашэнне і нейкую выбарчую кампанію перанясуць на больш ранні тэрмін. А ўжо якую — пра гэта павінны дамовіцца кіраўнік дзяржавы і парламент. Праводзіць выбары раней можна, пазней — нельга. Таму так, там сапраўды ўсё практычна цалкам супадае. Прэзідэнцкая кампанія звязаная тэрмінамі правядзення апошняй інаўгурацыі, парламенцкая — тэрмінамі правядзення першай ўстановачнай сесіі", — патлумачыла кіраўніца ЦВК.
Ярмошына кажа, што прэзідэнцкія і парламенцкія выбары можна правесці ў адзін год, але гэта будзе складана. Таму яна лічыць больш верагодным, што адну з выбарчых кампаніяў перанясуць на восень 2019 года. Па яе словах, на рашэнне будзе ўплываць мноства фактараў — ад міжнароднай абстаноўкі і да эканамічнага становішча.
У каментары Еўрарадыё старшыня ЦВК патлумачыла прычыны такога пераносу.
Лідзія Ярмошына: “Па-першае, у нас няма такой практыкі. Па-другое, некалі кіраўнік дзяржавы выказаў сваю пазіцыю на гэты конт: выбары кіраўніка краіны не павінны сумяшчацца ні з якімі іншымі выбарамі. Да ўсяго, у нас дастаткова вузкае кола палітыкаў, іх не так шмат. Усе яны бяруць удзел ў тым ці іншым выглядзе і ў парламенцкіх, і ў прэзідэнцкіх выбарах — калі не кандыдаты, то як кіраўнікі выбарчых штабоў, давераныя асобы, агітатары. Сумяшчэнне дзвюх кампаній створыць для іх цяжкасці і можа радыкалізаваць выбарчую кампанію. Бо кандыдаты будуць аб’ядноўвацца пад сцягамі патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, а не пад нейкія палітычныя платформы, звязаныя з задавальненнем інтарэсаў выбаршчыкаў”.