Прэзідэнт і Мінск. Як Лукашэнка забараняе ўшчыльняць, але нічога не выходзіць
Фото: Andy Yeung
3 кастрычніка Лукашэнка запатрабаваў ад чыноўнікаў "спыніць разбой з неабгрунтаваным ушчыльненнем жыллёвай забудовы". "Замест таго, каб парк дзесьці закласці або ў парадак прывесці, вы пачынаеце штампаваць жыллё, - кажа кіраўнік дзяржавы на нарадзе па праекце новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса. — Месца няма, дзе жыллё будаваць? Абавязкова трэба канфлікт спарадзіць з насельніцтвам?"
Еўрарадыё заўважыла, што з ушчыльненнем ў чыноўнікаў добра, а ў Лукашэнкі дрэнна вось ужо сёмы год. Вось хроніка барацьбы кіраўніка дзяржавы з чыноўнікамі.
"Не трэба занадта ўшчыльняць"
Калі сказана: 6 кастрычніка 2015 года
Прэзідэнт выказаўся супраць ушчыльнення Мінска і нацэліў на павелічэнне будаўніцтва жылля і інфраструктуры за МКАД: "Не трэба занадта ўшчыльняцца ў Мінску — насельніцтва ўжо пачынае крыўдаваць".
"Нельга ціснуць людзей"
Калі сказана: 24 кастрычніка 2014 года
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў недапушчальнасць празмернага ўшчыльнення забудовы, што выклікае абгрунтаваныя прэтэнзіі грамадзян: "Ушчыльняць некаторыя тэрыторыі трэба, але ні ў якім разе нельга там "ціснуць" людзей, каб ім было немагчыма выйсці на вуліцу".
"Не замінайце людзям жыць"
Калі сказана: 17 января 2014 года
"У нас вельмі шмат у Мінску свабодных месцаў, якія трэба прыводзіць у парадак, каб горад глядзеўся, каб горад быў прыгожы, не перагружаючы яго і не замінаючы людзям жыць з вашым гэтым ушчыльненнем. Людзі ўвесь час скардзяцца, што вы лезеце ў гэтыя квартальчыкі, дваровыя тэрыторыі, якія ўжо сфармаваліся".
"Абавязкова трэба ўлезці да людзей?"
Калі сказана: 19 красавіка 2013 года
"Перш за ўсё, людзі скардзяцца на адсутнасць парковак і праславутае ўшчыльненне забудовы. Так, недзе трэба і ўшчыльняцца, недзе трэба і паркоўкі будаваць, але толькі ў інтарэсах людзей і дзяржавы, а не таго, хто сёння прыйдзе і вам прапануе нейкі праект! Абавязкова вось трэба ўлезці да людзей, каб яны узлаваныя хадзілі... Няўжо ў Мінску, у межах кальцавой дарогі мала зямлі для таго, каб будаваць і паркоўкі, і жыллё? Ды звышдастаткова! І на ўшчыльненне ісці толькі ў крайнім выпадку. Мы пра гэта дамовіліся, і з гэтай нагоды таксама прынятыя адпаведныя рашэнні".
"Неабходна падыходзіць акуратна"
Калі сказана: 26 лістапада 2010 года
"Кажучы пра Мінск, ён дадаў, што да пытанняў ушчыльнення жылля ў сталіцы неабходна падыходзіць акуратна".