Пры пажары ў мазырскім інтэрнаце эвакуявалі сем чалавек
31 студзеня ў 12.34 мазырскіх ратавальнікаў выклікалі на пажар у інтэрнаце па вуліцы Ленінскай.
На месцы выкліку яны пабачылі, што з вокнаў другога паверха чатырохпавярховага інтэрната ішоў дым, але адкрытага агня не было бачна, перадае прэс-служба МНС. Да прыбыцця ратавальнікаў з палаючага блока самастойна сышлі яго жыхары — муж і жонка з двума дзецьмі, чатырох і двух гадоў.
Супрацоўнікі МНС эвакуявалі з вышэйшых паверхаў сем чалавек, у тым ліку дзіця, народжанае ў 2017 годзе. Жыхароў эвакуявалі з дапамогай масак.
Траіх дзяцей лекары шпіталізавалі для назірання за станам здароўя.
Ратавальнікі ліквідавалі пажар. Агонь пашкодзіў маёмасць у трох памяшканнях блока, там закураныя сцены. Пацярпелых няма.
Спецыялісты высвятляюць прычыну пажару. Адна з версій — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.