Прыходзьце, мы вас вельмі чакаем! Заробак? 3,5 мільёна

10 гадзін раніцы, я ў чарзе ў культурна-спартыўны цэнтр Беларускай чыгункі, што на вуліцы Чкалава. Разам з мужчынамі пад 45 і жанчынамі нявысветленага ўзросту хаваемся ад дажджу.

На ўваходзе даюць бясплатныя газеты, лістоўкі, невялікія рэкламкі з вакансіямі. Асноўная маса спецыяльнасцяў — працоўная, такіх тут пад 80%. Але незадача — працадаўцы шукаюць мужчын, жанчынам лавіць няма чаго.

Вось сетка “Яліна” па рамонце вопраткі і абутку. Рукі-галава ёсць, можна навучыцца, але тут чакаюць гатовага спецыяліста. А які заробак?

“Нашыя работнікі атрымліваюць недзе 4-4,5 мільёны. Хто добра працуе — каля шасці, — кажа мне кансультант Аксана. І дадае: — Я хачу звярнуць увагу на тое, што людзі павінныя хацець працаваць як мага больш”.

Далей завод “Інтэграл”. Цікаўлюся, ці ёсць прапановы для жанчын.

“Вось глядзіце, аператар крышталёвай вытворчасці, тут розныя напрамкі ёсць. Заробак 4,5 мільёны. Калі толькі прыйдзеце працаваць, будзеце атрымліваць недзе 3,5 мільёны. Праца пазменная, з 8 ранку”, — перспектыва ўставаць штодзень разам з курамі і спяшацца на працу за 3,5 мільёны мяне не прываблівае.

Крама “Алмі” набірае прадаўцоў, цестафармоўшчыкаў, кухараў, таваразнаўцаў, кладаўшчыкоў, абвальшчыкаў. Прапаноўвае небагата, але добрая змена — 12-гадзінны працоўны дзень, два праз два, заробак — 4,5 мільёны максімум. Прыкладна такі ж прапаноўваюць і ў іншых крамах — 5-6 мільёнаў.

“Якая ў вас праца? Я працаваў грузчыкам, кладаўшчыком. 5 мільёнаў мяне прываблівае, пры ўмове, што праца два праз два”, — яшчэ адзін шукальнік працы ўскоквае ў размову — хлопцу каля 25 гадоў, скончыў БДУ, факультэт… філасофіі і сацыяльных навук. У школу выкладчыкам ісці працаваць не хоча:

“За 2,5 мільёны? Вы смеяцеся?! Я ж мужык, зарабляць павінен!” — выкладае сваю пазіцыю грузчык-філосаф. Не пагадзіцца цяжка: цяпер заробак у 4-6 мільёнаў — 400 долараў. Гэта мізер, улічваючы, што адзін паход у краму — гэта мінімум сто тысяч рублёў!

Гэтыя ж 4-6 мільёны прапаноўваюць, да прыкладу, слесару на заводзе і доктару ў бальніцы.

“У нас недакампелект медперсаналу на 55%! — скардзіцца мне выканальніца абавязкаў галоўнага ўрача Святлана з 21-й мінскай паліклінікі. — Не хапае медсясцёр, тэрапеўтаў — вельмі складанае становішча!”

На гэтым кірмашы вакансій шмат паліклінік і бальніц. Працу прапаноўваюць дактарам, медсёстрам, санітаркам. Без медыцынскай адукацыі мне лавіць няма чаго, хіба што стаць санітаркай ці рэгістратарам.

Але зноў жа заробак — за нервовую працу рэгістратара каля 3 мільёнаў.

“У нас хутка звольніцца, у дэкрэт пойдзе, дзяўчына, вакансія дыспетчара вызваліцца, — па-змоўніцку падміргвае мне прадстаўніца рытуальнай крамы. Пакуль тут патрэбныя толькі прыбіральшчыкі на могілкі. — Вы да нас праз месяц звярніцеся, заробак добры — 4,5 мільёны. Але працуем і па начах”.

Перспектыва дзяжурыць па начах у краме рытуальных рэчаў мяне палохае.

Вось вакансія кіроўцы тралейбуса — заробак ад 7-8 мільёнаў. Адно што трэба вывучыцца. Працоўны графік — чатыры дні праз два. Калі б не надта гарачы характар, пайшла б у кіроўцы, яны, бадай, адзіныя з заробкам, большым за сярэдні!

Ігар Мікалаевіч прыйшоў на кірмаш, каб знайсці працу дачцэ. Яна стане спецыялістам толькі праз два гады, заканчвае БДУ, будзе нанафатонікам. 

“Але нешта нічога такога я не знайшоў. Калі яна паступала, я думаў, каб нешта перспектыўнае, перадавое знайсці. Вось прыглядаю працу, але нешта пуста, — кажа мне Ігар. — Мо ў Расію якую ехаць, працу шукаць, бо ў Беларусі нешта ніяк”.

Ён губляецца сярод працоўных вакансій: ну не працаваць жа нанафатоніку на хлебакамбінаце №1. Тут патрэбныя прыбіральшчыцы, слесары. Заробак невялікі — да 4,5 мільёнаў.

А вось рэстаран “Васількі”, тут патрэбныя афіцыянты, кухары з вопытам працы. Заробак афіцыянтам быццам і невялікі.

“2,5 мільёны, плюс матывацыя, плюс прэмія, плюс чаявыя. Не магу вам сказаць, колькі гэта, ды і не кожны афіцыянт пра гэта скажа”, — кансультуе дзяўчына. Цікаўлюся, як крызіс паўплываў на чаявыя. Не так багата грошай, каб быць шчодрым.

“Да прыкладу, у нас пакідаюць чаявыя і 600 еўра, і пяцьсот тысяч рублёў, і дзвесце. Той, хто зарабляе, пакідае чаявыя добрыя, зразумела, гэта адбываецца не штодзень”.

У аддзел адукацыі Маскоўскага раёна патрэбныя вартаўнікі і педагогі. Дзяўчаты з аддзела кадраў, пачуўшы пра маю педагагічную і філалагічную адукацыю і вопыт працы, радуюцца.

“У вас добрыя арганізатарскія магчымасці, гэта адразу бачна. Да таго ж вы ўмееце з людзьмі кантактаваць. Гэта таксама плюс. Ідзіце да нас педагогам-арганізатарам, мы вас вельмі чакаем. А калі займаецеся фларыстыкай, керамікай — гэта ўвогуле плюс, вас з рукамі адарвуць!” — гэта бадай першае месца, дзе мяне былі радыя бачыць у якасці супрацоўніка. 

Што з заробкам?

“3,5 мільёны, як маладому спецыялісту. Не больш!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі