Прыпынены разгляд іска “Мілкавіты” да 205 сваіх работнікаў
Прыпынены разгляд іска ААТ “Мілкавіта” да 205 сваіх работнікаў. У лістападзе 2016-га — у лютым 2017 года на прадпрыемстве знікла сыравіна (абястлушчанае малако, сыроватка, сыравіннае малако) на суму больш за 141 тысячу рублёў. Кіраўніцтва прадпрыемства вырашыла спагнаць гэтыя грошы з работнікаў аднаго з цэхаў. У адпаведнасці з калектыўнай дамовай, усе яны з’яўляюцца матэрыяльна-адказнымі асобамі. Грошы з работнікаў збіраюцца спагнаць прапарцыйна адпрацаванаму часу кожнага з іх. Як інфармуе газета “СБ. Беларусь сегодня”, сумы розныя — ад 169 да 1172 рублёў.
30 траўня прайшло выязное пасяджэнне суда Савецкага раёна Гомеля. На ім з 205 чалавек прысутнічала толькі 24. Іх інтарэсы прадстаўлялі прававыя інспектары трох прафсаюзаў. Прадстаўнік пракуратуры заявіў хадайніцтва аб неабходнасці правесці праверку ў рамках крымінальнай справы па факце недастачы сыравіны. Ёй будзе займацца міліцыя. Дарэчы, праверку прасілі правесці і работнікі прадпрыемства, адказчыкі па іску прадпрыемства.
Суддзя Анатоль Капусцін вынес рашэнне аб прыпыненні разгляду справы. Яго адновяць толькі пасля атрымання вынікаў праверкі.