Прысуд мінчуку, у якога страляў міліцыянт, абвесцяць 2 жніўня
Прысуд у справе Андрэя Гаўроша, у якога ў навагоднюю ноч страляў міліцыянт, перанесены на 2 жніўня. Вырак мусілі абвясціць сёння, але суддзя Святлана Бандарэнка вырашыла працягнуць сваё знаходжанне ў дарадчым пакоі да заўтра.
Гучны судовы працэс праходзіць у Маскоўскім раёне сталіцы. Гаўроша вінавацяць у нападзе на сяржанта міліцыі Руслана Салаўёва ў навагоднюю ноч. Як паведамлялася раней, суседка, незадаволеная шумам, выклікала міліцыю. Па версіі міліцыянта, мужчына паводзіў сябе неадэкватна, напаў на праваахоўніка, ударыў яго і спрабаваў забраць пісталет. Сяржант стрэліў у мінчука, той атрымаў два кулявыя раненні і доўгі час лячыўся.
Пракурор папрасіла прызначыць Гаўрошу тры гады зняволення. Міліцыянт Салаўёў папрасіў, каб суд прызначыў абмежаванне, а не пазбаўленне волі.