Прызёрка Алімпійскіх гульняў з'ехала з Беларусі ў Польшчу

Наталля Лешчык / t.me/racyja/
Наталля Лешчык / t.me/racyja/

Сярэбраная прызёрка Алімпіяды-2012 па мастацкай гімнастыцы, заслужаная майстарка спорту Наталля Лешчык з'ехала з Беларусі ў Польшчу. Яна будзе трэніраваць дзяцей у Беластоку. 26 красавіка беларуску афіцыйна прадставілі гарадскія ўлады, паведамляе @mostmediaio.

Лешчык падпісвала ліст свабодных спартсменаў і выказвалася пра сітуацыю ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га. Яна асудзіла і расійскую агрэсію ва Украіне.

"Пасля пратэстаў у нас у Беларусі вельмі трывожная сітуацыя, вельмі шмат людзей саджаюць у турму, — кажа Наталля Лешчык. — Я адкрыта выказвала пазіцыю супраць дыктатуры і вайны. Была верагоднасць, што па мяне прыйдуць і пасадзяць. Увесь час была ў трывожным стане і таму вымушаная была з'язджаць з краіны".

У Польшчы беларуска жыве з зімы 2022 года. Спачатку гэта быў Уроцлаў, а пасля прапанавалі працу і жыллё ў Беластоку.

"Я б хацела сказаць дзякуй Польшчы за гасціннасць, прытулак і магчымасць пачувацца ў бяспецы, — кажа Лешчык. — Я вельмі рада папрацаваць у Беластоку з дзецьмі. Спадзяюся, наша праца будзе прадуктыўнай".

Беларуска будзе рыхтаваць будучых польскіх чэмпіёнаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі