Псіхіятрычная экспертыза не выявіла ў Вольгі Класкоўскай псіхічных разладаў

Як паведаміла агенцтву БелаПАН маці Вольгі Людміла Класкоўская, дзяўчына затэлефанавала ёй увечары 30 ліпеня. Яна распавяла, што нейкі час знаходзілася ў клініцы галоўнага ўпраўлення судовай медыцыны Стакгольму. Там яна па рашэнні суда праходзіла судова-псіхіятрычную экспертызу. Вольга распавяла, што псіхіятры цалкам выключылі ў яе якія-небудзь псіхічныя захворванні ці разлады. У заключэнні адзначаецца, што Вольга не схільная да гвалту і злачынства, у якім яе вінавацяць, не тыповае для яе асобы і характару. Эксперты таксама зрабілі выснову, што падобныя дзеянні яна, калі і магла здзейсніць, то ў стане афекту ці на фоне працяглай дэпрэсіі, звязанай з сямейна-побытавымі канфліктамі, у тым ліку з забіраннем дзіцяці, распавяла Людміла Класкоўская.



Такім чынам, кажа маці, экспертыза абвяргае довады абвінавачвання, што Вольга даўно і мэтанакіравана планавала злачынства, а таксама заявы сацыяльных службаў пра наяўнасць у Вольгі псіхічных разладаў.



У той жа час Класкоўская-старэйшая не разлічвае на справядлівасць шведскага правасуддзя. Яна нагадала, што пракуратура патрабуе для яе дачкі восем гадоў пазбаўлення волі.



Цяпер Вольга Класкоўская зноў знаходзіцца ў СІЗА і разам з адвакатам рыхтуецца да судовага паседжання. Яно прызначанае на 13 жніўня. А 15 жніўня ў іншым судзе адбудзецца шлюбаразводны працэс паміж ёй і яе мужам Геканам Безгінам. Тамсама будзе вырашацца пытанне пра апякунства над іх сынам Адэмам. Сама Вольга ня бачыла сына з сёлетняга лютага.



Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі