Пуцін падпісаў указ пра знішчэнне санкцыйных прадуктаў
Прадукты, якія трапілі пад расійскае эмбарга, будуць знішчаць на мяжы з 6 жніўня.
Уладзімір Пуцін падпісаў указ пра знішчэнне ўвезеных у Расію прадуктаў, якія трапляюць пад "харчовае эмбарга". Указ набывае моц з 6 жніўня, перадае РБК.
Кіраўнік Расіі даручыў ураду вызначыць парадак знішчэння такіх тавараў. Дарэчы, палажэнні ўказа не распаўсюджваюцца на тавары, што ўвозяцца фізічнымі асобамі для асабістага карыстання.
Прапанову знішчаць на мяжы прадукты, якія ўвозяцца ў Расію ў абыход эмбарга, 24 ліпеня агучыў кіраўнік Мінсельгаса Расіі Аляксандр Ткачоў. Дагэтуль выяўленыя на мяжы санкцыйныя прадукты вяртаюць адпраўшчыкам.
Нагадаем, што расійскае прадуктовае эмбарга на заходняе харчаванне было ўведзенае 7 жніўня 2014 года. Гэта быў адказ на ўвядзенне санкцый з боку краін Захаду з-за сітуацыі на Украіне. Сёлета ў чэрвені расійскія ўлады падоўжылі забарону на год, да жніўня 2016-га.
Фота: ТАСС