Пуцін: Расія была гатовая задзейнічаць ядзерныя сілы ўвесну 2014 года
Але, па словах расійскага прэзідэнта, ён "сыходзіў з таго, што да гэтага не дойдзе".
Увесну 2014 года пасля падзеяў ва Украіне Расія рыхтавалася прывесці ў баявую гатоўнасць свае ядзерныя сілы. Пра гэта Уладзімір Пуцін паведаміў у інтэрв'ю аўтарам фільма "Крым. Шлях на Радзіму", зняты на тэлеканале "Расія 1".
Фільм прысвечаны гадавіне далучэння Крыму да Расіі. Яго паказваюць па расійскім тэлеканале сёння, інфармуе РБК.
Пуцін патлумачыў, што расійскае войска было гатовае да любога развіцця падзей. Калі ў прэзідэнта Расіі спыталіся, наконт верагоднасці прывесці ў стан боегатоўнасці ядзерныя сілы, ён адказаў: "Мы гатовыя былі гэта зрабіць".
Распавёў Пуцін і пра свае перамовы з заходнімі лідарамі падчас крымскіх падзеяў. Па яго словах, было няясна, ці будуць яны ўмешвацца ў сітуацыю ваенным спосабам. Пуцін дадаў, што "сыходзіў з таго, што да гэтага не дойдзе".
Акрамя таго, Пуцін паведаміў, што ў Крым перакідваліся расійскія войскі. У цэлым, кажа ён, усё прайшло гладка. Быў хіба што адзін эпізод, "калі пры перакідцы туды першай частцы падраздзяленняў замарудзіліся трохі, чагосьці не зразумелі".
Фота — Fotobank / Getty Images