ПВТ афіцыйна патрабуе ад кампаній спыніць "дыскрэдытацыю Беларусі"

Парк высокіх тэхналогій

Парк высокіх тэхналогій / officelife.media

Кампаніі-рэзідэнты ПВТ цяпер у дамове падпісваюць, што не будуць займацца "дыскрэдытацыяй Беларусі". Адпаведны пункт унесла ў дамовы адміністрацыя ПВТ і рассылае іх на подпіс кіраўнікам кампаній, піша "Наша Ніва".

У дадатку да дамовы гаворыцца: "Пры ажыццяўленні дзейнасці ў Парку высокіх тэхналогій кіраўнік, заснавальнікі (удзельнікі, уласнікі маёмасці) Рэзідэнта абавязаныя не дапускаць распаўсюду інфармацыі, якая дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь, дзяржаўныя органы і арганізацыі, наносіць шкоду рэпутацыі іх адказных асоб, а таксама дзеянняў у шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь".

Паводле звестак выдання, такі дадатак атрымалі ўжо кіраўнікі прынамсі некалькіх фірмаў.

Звычайна пад "дыскрэдытацыяй Беларусі" прадстаўнікі лукашэнкаўскага рэжыму маюць на ўвазе любую інфармацыю, якая паказвае іх у нявыгадным ракурсе — незалежна ад таго, праўдзівыя гэта звесткі ці не.

Прадстаўнікі ІТ-бізнесу цешацца, што ім не прызначаюць ідэолагаў, а толькі вымагаюць падпісаць фармальную паперку: "Намеснікаў па бяспецы ў нашы кампаніі, як у дзяржсектар, навязаць пакуль не могуць. Але рабіць штосьці трэба, калі ў краіне вайна з іншадумствам. Дзейнічаюць фармальна, і гэта добра, бо магло быць горш. А так што? Мы падпішам. Кіраўнік Парка дашле на адрас сваёй былой працы (Аляксандр Базанаў раней служыў у КДБ. — Рэд.) справаздачу, што правёў палітычную работу і столькі акцыянераў пад роспіс абавязалася нікому не расказваць, што ў Беларусі ва ўласных кватэрах адстрэльваюць праграмістаў, а проджэкт-менеджарак з малымі дзецьмі на плячах кідаюць за краты за плакат".

Кіраўнікі кампаній прызнаюцца, што выкінуць іх з ліку рэзідэнтаў ПВТ рэжым можа і без гэтага дакумента. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі