Пяцёра беларусаў памерлі ад атручвання сурагатным алкаголем у Карэліі
Усяго сурагатным алкаголем у Карэліі атруціліся восем жыхароў Беларусі / sb.by, фота носіць ілюстрацыйны характар
Памёр пяты беларус, які трапіў у лякарню ў расійскай Карэліі пасля атручвання алкаголем, паведамляе ТАСС са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя расійскага рэгіёна.
Усяго атруцілася 8 чалавек. Першы памёр да прыезду хуткай. Яшчэ двое — крыху пазней у бальніцах. Пра смерць чацвёртага стала вядома напярэдадні. Сёння медыкі паведамілі, што ў рэспубліканскай бальніцы "памёр яшчэ адзін чалавек".
Інцыдэнт адбыўся 22 жніўня. Восем беларусаў, якія працавалі на адным з прадпрыемстваў Карэліі, выпілі, як мяркуецца, сурагатны алкаголь. Падчас лабараторных даследаванняў медыкі выявілі ў крыві ва ўсіх метанол. Гэта значыць, мужчыны выпілі напой, у склад якога ўваходзіў небяспечны метылавы спірт.
У лякарні застаюцца яшчэ тры чалавекі. Іх стан медыкі ацэньваюць як стабільны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.