П'яныя ўкраінцы не змаглі патлумачыць памежнікам, што робяць у Беларусі
На чыгуначнай станцыі Бухлічы каля беларускай мяжы 2 кастрычніка былі затрыманыя два ўкраінцы, паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта.
Мужчынаў затрымалі ў электрычцы, якая ехала з Лунінца. Аднаму з іх 44 гады, другому — 51. Абодва знаходзіліся ў памежнай зоне без пропускаў. Выразна патлумачыць мэту свайго знаходжання на рэжымнай тэрыторыі яны не змаглі.
Падчас праверкі дакументаў адзін з мужчын стаў супраціўляцца. Яго затрымалі з ужываннем фізічнай сілы і спецсродкаў.
Дарэчы, абодва ўкраінцы выявіліся п'янымі. Медагляд у Столінскай раённай лякарні засведчыў наяўнасць алкаголю ў выдыханых парах затрыманых — 2,8 і 3,4 праміле адпаведна.
На мужчын склалі адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне памежнага рэжыму. Ім пагражае дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь тэрмінам да пяці гадоў.