Рабін: караць 87-гадовую жанчыну за сцяг — не зусім правільна
Лізавета Бурсава і рабіны / "Фэйсбук"
"Суд разглядае вывешаны сцяг як злачынства. Асабіста я не думаю, што гэта злачынства. Яна нават зняла яго, калі папрасіў участковы. Мы потым размаўлялі — мне падалося, што ніякая яна не злачынца", — расказвае Еўрарадыё рабін Рыгор Абрамовіч.
15 снежня ён, як і многія прадстаўнікі габрэйскай абшчыны, назіраў за судом над 87-гадовай Лізаветай Бурсавай. За вывешаны на балконе БЧБ-сцяг суддзя Аляксандр Рудэнка аштрафаваў пенсіянерку на 405 рублёў.
Да суда Абрамовіч не быў знаёмы з Бурсавай. Яна з габрэйскай сям'і, але не ўваходзіць у абшчыну і наогул называе сябе атэісткай. Працэс над ёй — якая цудам пазбегла халакосту — усхваляваў габрэяў, якія жывуць у Беларусі, і яны прыйшлі падтрымаць яе.
"Як сказала сама Лізавета Якаўлеўна: "Мне ніхто і не казаў, што за гэты сцяг я панясу адказнасць", — працягвае рабін. — Ці лічу я сам гэты сцяг фашысцкім? Адкажу двума фактамі: у 90-х гадах, калі разглядалася гэтае пытанне, я за яго не галасаваў. Я стаю на баку дзяржаўнага сцяга, які ёсць. У сітуацыі, калі пытанне будзе пераглядацца, буду думаць. Але ўжо дакладна караць 87-гадовую жанчыну за гэты сцяг было не зусім правільна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.