87-гадовая габрэйка з БЧБ-сцягам на балконе — таксама фашыстка?
Пра гэты суд напэўна не напішуць у дзяржаўнай прэсе. Бо на асобу Лізаветы Бурсавай — 87-гадовай пенсіянеркі, якую аштрафавалі за вывешаны на балконе БЧБ-сцяг, праўладная прапаганда спатыкаецца.
Лукашэнка, які нарадзіўся ў 1954 годзе, адкрыта называе БЧБ-сцяг фашысцкім. А бабуля, якая нарадзілася ў 1933-м, не толькі так не лічыць, але і вывешвае гэты сцяг на сваім балконе. Хто мае рацыю? Хто лепш ведае, што гэта за сцяг: кіраўнік краіны з савецкай гістарычнай адукацыяй, які не чапляецца за ўладу сінімі пальцамі, ці жанчына, якая дзіцём трапіла ў пекла Вялікай Айчыннай вайны?
Пляменнік Лізаветы Бурсавай гісторык Аляксандр Белы распавядае, што яна разам з яго бабуляй Фрумай і яго бацькам Валерыянам змагла апошнім эвакуацыйным цягніком у ліпені 1941 года з'ехаць з Віцебска. Толькі таму яны не былі забітыя нацыстамі. Бурсава — апошні чалавек у іх вялікай сям'і, які гаворыць на ідыш з дзяцінства. Яна апошні чалавек у Беларусі, якога можна западозрыць у сімпатыях да фашыстаў. І менавіта яна вывешвае на сваім балконе БЧБ-сцяг.
Гэтым штрафам суддзя Аляксандр Рудэнка фактычна прызнае Лізавету Бурсаву прыхільніцай фашызму. Гэта адна з самых абсурдных сітуацый, сведкам якіх я стаў за апошні час. Працэс праходзіў на вачах у рабіна Рыгора Абрамовіча і прадстаўнікоў габрэйскай абшчыны. Шмат хто з беларускіх габрэяў ставіцца да БЧБ-сцяга абсалютна нейтральна, і амаль ніхто не лічыць яго фашысцкім — нягледзячы на тое, што падчас выйны гітлераўцы карысталіся ім у сваіх інтарэсах.
Дык ці маюць рацыю тыя беларускія прапагандысты і гісторыкі пры ўладзе, якія з пенай на губах даказваюць, што БЧБ-сцяг — фашысцкі?
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.