Рабочы “Белшыны”, у якога адбіраюць дзяцей: Са мной ім быць лепш, чым у прытулку

Рабочы “Белшыны”, у якога адбіраюць дзяцей: Са мной ім быць лепш, чым у прытулку

14 кастрычніка суд Бабруйска вынесе рашэнне па справе Настассі Навоевай. Нагадаем, што яе абвінавацілі ў “гвалце над міліцыянерам” (артыкул 364 крымінальнага кодэкса). Інцыдэнт здарыўся, калі медыкі з дзіцячай бальніцы адмовіліся вяртаць жанчыне дачку і выклікалі ўчастковага. Маці ўзбунтавалася…

Знаёмыя Навоевай лічаць, што абвінаваўчы прысуд можна прыраўняць да пазбаўлення яе правоў на дзяцей.

За што ў маці з заробкам да 13 мільёнаў адабралі дваіх дзяцей (падрабязнасці)

Забраць на выхаванне 4-гадовую Ульяну і 7-гадовага Івана хоча іх бацька — Генадзь Гарленка. Раней ён жыў з Навоевай, але потым пара разышлася.

Рабочы “Белшыны”, у якога адбіраюць дзяцей: Са мной ім быць лепш, чым у прытулку

Як стала вядома Еўрарадыё, Камісія па справах непаўнагадовых Ленінскага раёна Бабруйска і мясцовы аддзел адукацыі звярнуліся ў суд з іскам аб пазбаўленні Гарленкі бацькоўскіх правоў. Разгляд справы адбудзецца 20 кастрычніка.

“Я ні з кім не канфліктаваў, проста прасіў: “Аддайце дзяцей”. На мае пытанні мне проста смяюцца ў вочы”, — наракае мужчына.

Падкрэслім, што і Навоева, і Гарленка працуюць на прадпрыемстве “Белшына”, атрымліваюць нармальны для Бабруйска заробак і не стаяць на ўліку ў нарколага. Генадзь увогуле ніколі не меў сур’ёзных праблем з законам.

“Мне кажуць: “Вы не можаце ў поўнай меры выхоўваць сваіх дзяцей”. Чаму, канкрэтна не тлумачаць, — працягвае Гарленка. — А чым я адрозніваюся ад жанчыны ў гэтым плане? Толькі полавымі прыкметамі. Я выдатна гатую ежу, не бамжую, я працую, ахайна выглядаю. Ну, можа быць, калі-небудзь не пагалюся. Калі б я быў жанчынай, дзяцей аддалі б. Праблема яшчэ ў тым, што я ў тры змены працую. Але мяне перавядуць на адну, ніякіх праблем. Ёсць шмат бацькоў, якія выглядаюць куды горш”.

Рабочы “Белшыны”, у якога адбіраюць дзяцей: Са мной ім быць лепш, чым у прытулку
Генадзь наведвае сына Івана ў прытулку. Фота: грамадзянская кампанія "Наш дом".

Генадзь Гарленка жыве з 31-гадовай Юліяй у яе трохпакаёўцы. Жанчына пацвердзіла Еўрарадыё, што гатовая прыняць дзяцей да сябе на выхаванне. Да таго ж, мужчына зарэгістраваны ў бабулінай кватэры, дзе, паводле беларускіх мерак, дастаткова жылых метраў.

У паперах з Камісіі па справах непаўнагадовых пазначана, што ў свой час вы “самаўхіліліся” ад выхавання Івана і Ульяны. Чаму цяпер вы перакананыя, што зможаце выхоўваць дзяцей? — задаём мужчыне прамое пытанне.

Генадзь Гарленка: “У паперах пішуць тое, што ім выгадна. Насамрэч, я нікуды не “самаўхіляўся”. Прыходзіў у кватэру Настассі, заставаўся начаваць з дзецьмі, калі яна працавала. Гатаваў ім ежу, забіраў са школы і садка, спраўна плаціў аліменты. Калі б я знік, не ўстанаўліваў бы бацькоўства ў добраахвотным парадку. Разумееце, я проста цяпер хачу забраць да сябе дзяцей, і яны будуць жыць шчасліва, і ніхто ім нічога дрэннага не зробіць. Я думаю, гэта будзе лепш, чым яны будуць у інтэрнаце ці ў прыёмнай сям’і".

Адвакат Навоевай: дачку у бальніцы ёй адмовіліся выдаваць незаконна

Настасся Навоева хоць і не анёл (раней мела судзімасці), але, на думку многіх, плаціць за асаблівасці свайго дзёрзкага характару занадта высокую цану. Гвалт у дачыненні да міліцыянера — не найлепшая характарыстыка. Але ўлічым, што інцыдэнт здарыўся ў момант, калі ў яе адбіралі дзяцей. Пры гэтым, падобна на тое, адбіралі незаконна. На гэтым падчас суда зрабіў акцэнт адвакат Навоевай. 

Рабочы “Белшыны”, у якога адбіраюць дзяцей: Са мной ім быць лепш, чым у прытулку

Падчас разгляду справы загадчыца аддзялення з бальніцы, дзе ляжала маленькая Ульяна, пацвердзіла: дакументаў на адабранне дзіцяці не было. Выходзіць, і законных падставаў, каб не аддаваць дзяўчынку, у медыкаў не было. Але тыя гнулі сваю лінію і выклікалі ўчастковага.

Другі спрэчны момант — тое самае збіццё участковага Тоўсціка, за што і судзяць Навоеву.

Як Насця збівала міліцыянера (фота)

18 кастрычніка каля 10-й раніцы вядомы бабруйскі фатограф Уладзімір Рэпік вяртаўся з новага сквера, які ўрачыста адкрылі ля чыгуначнага вакзала. На канечным прыпынку тралейбуса, што знаходзіцца побач з яго домам і з дзіцячай бальніцай, ён стаў выпадковым сведкам канфлікту паміж міліцыянерам і жанчынай. Менавіта за гэты інцыдэнт судзяць Настассю Навоеву. Як дайшло да таго, што жанчына разам з участковым апынулася на прыпынку, дагэтуль не зусім зразумела. Многія здзіўляюцца: калі яна агрэсіўна паводзіла сябе ў бальніцы, чаму не была затрыманая прама там...

“На прыпынку бачу здаровага міліцыянера, шыракаплечага, з жыватом і гэтую "дохлую" дзяўчынку. Так, яна супраціўлялася, але не нападала. Было бачна, што яна даведзеная да адчаю, але п’янай яна зусім не выглядала”, — узгадвае інцыдэнт Уладзімір Рэпік.

Рабочы “Белшыны”, у якога адбіраюць дзяцей: Са мной ім быць лепш, чым у прытулку

Увогуле, многія аргументы абвінавачання выглядаюць непаўнавартасна. Напрыклад, на судзе было заяўлена, што ў момант канфлікту з участковым Навоева была нецвярозая. Аказалася, што на гэты конт нават не былі праведзеныя экспертызы.

Але на кожны правалены аргумент ужываюцца новыя спосабы, каб выставіць Навоеву "жахлівым" чалавекам. З апошняга: у ліпені і жніўні з’явіліся два медыцынскія рашэнні, якія сведчаць пра псіхічныя захворванні ў абвінавачанай. З такімі дыягназамі нельга выхоўваць дзяцей. Навоева сцвярджала на судзе, што ніколі не бачыла медыкаў, якія паставілі подпісы пад дакументам.

Рабочы “Белшыны”, у якога адбіраюць дзяцей: Са мной ім быць лепш, чым у прытулку

Версіі пра помсту ад МУС і продаж дзяцей

Настасся Навоева выказала знаёмым дзве версіі, чаму ў яе забіраюць Івана і Ульяну. Першая з іх скандальная: малымі зацікавіліся нейкія італьянцы. За права апекі над дзецьмі яны нібыта павінны сплаціць у дзяржаўны бюджэт пошліну ў 20 тысяч еўра.

У Міністэрстве адукацыі Еўрарадыё паведамілі, што інфармацыя пра пошліну непраўдзівая. Да таго ж, пераезды беларускіх дзяцей на Апеніны — адзінкавыя выпадкі. Пры гэтым, у Італію выпраўляюцца найчасцей падлеткі з сур’ёзнымі захворваннямі, якіх не ўзялі пад апеку беларусы. Тое ж самае Еўрарадыё паведамілі крыніцы, якія супрацоўнічалі з італьянцамі.

Другая версія ад Навоевай: ёй помсціць міліцыя за тое, што жыла з супрацоўнікам МУС і непрыгожа з ім развіталася.

“Маці забараняла Дзянісу (такое імя у міліцыянера, — Еўрарадыё) сустракацца з Насцяй. Калі разышліся, яна ўвесь час сварылася з ім па тэлефоне. Але з-за чаго менавіта яны развіталіся, я не ведаю”, — кажа суседка Навоевай, якая часта з ёй бачылася.

Рабочы “Белшыны”, у якога адбіраюць дзяцей: Са мной ім быць лепш, чым у прытулку
Міліцыянер Дзяніс з Ульянай.

Згадала жанчына і пра тое, што Настасся парвала адносіны з міліцыянерам ужо пасля таго, як на яе распачалі крымінальную справу.

“Разам з Дзянісам яны нават хадзілі ў прытулак да дзяцей. Ён спрабаваў Насці дапамагчы іх забраць. Але не склалася”, — апавядае суседка.

У той жа час грамадзянская кампанія “Наш дом” паведаміла пра бытавы канфлікт, які 29 ліпеня здарыўся паміж Навоевай і яе былым сужыцелем-міліцыянерам. Пацярпелы зняў пабоі і давёў справу да суда. 28 верасня вынеслі рашэнне па адміністрацыйнай справе. жанчыне далі 1,8 мільёна штрафу.

На гэты раз ужо ў межах крымінальнай справы дзяржаўны абвінаваўца запрасіў для Настассі два гады абмежавання волі — гэтак званую “хатнюю хімію”. У сераду 14 кастрычніка жанчына, хутчэй за ўсё, выйдзе на волю. Але выглядае, што адстаяць правы на дзяцей ёй будзе вельмі няпроста. Паглядзім, ці атрымаецца гэта ў бацькі малых Ульяны і Івана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі