Работніцы “Камволя”: “Выйшла з працы, а рукі бы ў жабы халодныя”
Еўрарадыё спытала ў працаўнікоў “Камволя”, ці заўважылі яны мадэрнізацыю, што ідзе паводле загаду кіраўніка дзяржавы.
Вынік наведвання кіраўніком дзяржавы мінскага “Камволя” амаль год таму — кадравыя перастаноўкі і загад мадэрнізаваць прадпрыемства.
На “Камволі” Еўрарадыё кажуць, што мадэрнізацыя на прадпрыемстве ідзе "шустра"!
“Вельмі шустра і хутка, зараз ідзе рамонт цэхаў”, — запэўніваюць на прадпрыемстве.
Будынак завода на вуліцы Маякоўскага выглядае па-савецкаму шэра, тынкоўка дзе-нідзе аблупілася. У лістападзе 2013 года мусіў закончыцца першы этап мадэрнізацыі. Увесь завод абновіцца ў 2015 годзе.
Вось фірмовая крама тканін “Камволя”. У ёй, акрамя мяне і прадаўшчыцы, нікога. Гэта каля трэцяй гадзіны дня. Пытаюся, ці ёсць пакупнікі, тая ківае.
“Канечне, ідуць і ідуць. Вось сёння дзяўчына набрала тканіны на 1,8 мільёна рублёў. Купляюць многа, у асноўным для дробных фірм па пашыве адзення. Часта замаўляюць тэатры”.
Кошты на ваўняную тканіну ўражваюць — тканіна з 45% шэрсці каштуе 12 тысяч рублёў за метр, 100% шэсць каштуе 21 тысячу рублёў!
“Вось дарагая шэрсць — па 160 тысяч рублёў, а вось сіненькая ды зялёненькая таксама — танная воўна. Склады заваленыя былі, зараз раcпрадаём”, — прапануе прадаўшчыца. Тканін быццам бы і многа, але, пабадзяўшыся па краме, так ніводную я і не выбіраю на свой густ.
Ля прахадной чакаю ткачых ды прадзільшчыкаў — у 15.20 павінна скончыцца першая змена. Але людзей няма... Заглядаю ўнутр і бачу натоўп ля прахадной, чагосьці чакаюць. Некалькі хвілін усе стаяць ля прахадной, а потым па камандзе людзей выпускаюць. Жанчыны — многія з іх перадпенсійнага веку — пагаджаюцца адказваць на пытанні толькі ананімна.
Падчас свайго візіту ў снежні мінулага года Лукашэнка звяртаў увагу на тое, што ў цэхах холадна і супрацоўнікам затрымліваюць заробкі.
“Цяплей не стала, дах раскрыты, бо ідзе рэканструкцыя, а мы пакуль пакутуем”, — кажа адна.
“Выйшла — рукі бы ў жабы халодныя”, — дадае другая.
Паводле слоў супрацоўніц, нейкіх адметных зменаў на прадпрыемстве не заўважна, не сталі большымі і заробкі.
“Заробкі хацелася б болей — ад 3 да 4 мільёнаў атрымліваем. Мы вось калі ходзім па суботах падпрацоўваць — тады заробкі падымаюць”, — кажуць супрацоўніцы.
“Пыл, шум, гразь. Як паднялі пасля Новага года заробкі, калі Лукашэнка прыязджаў, і ўсё нічога болей не расце”, - прызнаюцца яшчэ адныя работніцы прадпрыемства.
Кажуць, што чыстымі атрымліваюць 3,5 мільёна, але гэта яшчэ нічога: “Дзеўкі-кантралёры па 2 мільёны атрымліваюць”.
Пытаюся, ці бывае на прадпрыемстве Пракаповіч — ён адказны за мадэрнізацыю. Дзяўчаты чыноўніка не бачылі, але апраўдваюць: мо ён прыязджае не ў іх змену? Успамінаюць, што нядаўна прыязджаў мэр Мінска:
“Ладуцька прыязджаў, дык людзей нават не пусцілі з ім пагаварыць. Толькі выбарачна, і сказалі пытанні пра камвольны ніякія не задаваць, толькі пытанні па раёне”, — сітуацыя дзяўчатам падаецца смешнай і недарэчнай.
“Мо яны думаюць, што Ладуцька павінен вырашаць камвольныя пытанні, але ж для гэтага ёсць дырэктар, а яны хочуць за горла ўзяць. Калі ёсць пытанні — звярніся да дырэктара. Канечне, яны будуюць кватэры, крэдыты, яны хочуць заробкі. Але нам у свой час ніхто не дапамагаў”, — спрачаецца майстар прадпрыемства. Яна мадэрнізацыяй на прадпрыемстве і сваім заробкам у 5 мільёнаў задаволеная.
“Іншыя заводы стаялі, а мы працуем! Папярэдні дырэктар цягнула ўніз. Па замежжах ездзіла і заробкі затрымлівала, людзей звольнілася мо 300 чалавек. Гэта былі кваліфікаваныя кадры, іх цяпер не вернеш. А зараз моладзь да нас паступіла, і дзяўчаты зарабляюць па 4 мільёны — добры на сёння заробак, я лічу”, — майстар абыходзіць маё пытанне пра холад у цэхах ды новае абсталяванне і спяшаецца развітацца.
На дзвярах прахадной знаходжу раздрукаваны ліст вакансій — на прадпрыемстве чакаюць работнікаў. Максімальны заробак — 4,1 мільёна рублёў, хоць прапаноўваюць і 2,1 мільёна!
Супрацоўнікі заўважаюць, што адна з адметных зменаў — не павышэнне заробкаў ці цяпло ў цэхах, а ўзмацненне дысцыпліны.
“Нас душаць і душаць. Высядзяцца ў сваіх кабінетах, а потым пад канец змены прыходзяць правяраць”, — кажа жанчына.
Адна, другая, пятая — ніхто з супрацоўніц мадэрнізацыяй асабліва не задаволены, хоць спадзяюцца, што пройдзе абнаўленне прадпрыемства, пачнецца іншае жыццё.
Цікава, што супрацоўнікі "Камволя" ізноў чакаюць да сябе прэзідэнта:
“Справа ў тым, калі тады Лукашэнку чакалі, шапацелі вельмі моцна. А цяпер зноў зацішша. А каб ён прыехаў яшчэ раз і наскокам, і калі нехта не спраўляецца — даць утык і паздымаць!”.