Радзькоў: Патэнцыял “Белай Русі” як грамадскага аб’яднання яшчэ не вычарпаны

Радзькоў: Патэнцыял “Белай Русі” як грамадскага аб’яднання яшчэ не вычарпаны

19 студзеня ў Мінску праходзіць III з’езд рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Яго старшыня Аляксандр Радзькоў у сваёй прамове адзначыў, што патэнцыял структуры як грамадскага аб’яднання “з улікам сучасных сусветных тэндэнцый у існуючай палітычнай сістэме… яшчэ не вычарпаны”. Паводле яго слоў, “Белая Русь”, якая існуе ўжо 10 гадоў, магла б пераўтварыцца ў партыю, але рабіць гэтага не будзе, інфармуе БЕЛТА.

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Марыяна Шчоткіна заявіла журналістам, што “Белая Русь” гатовая стаць партыяй, але для гэтага патрэбнае жаданне сябраў аб’яднання. Некалькі гадоў таму сярод іх праводзілася анкетаванне і большасць выказаліся супраць пераўтварэння ў партыю.

Як паведамляла Еўрарадыё, да з’езду “Белая Русь” падрыхтавала два пакеты дакументаў. У адным з іх прадугледжвалася пераўтварэнне грамадскага аб’яднання ў партыю. Чакалася толькі рашэнне вышэйшых інстанцый.

Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні ўдзельнікам з’езда адзначыў, што на форуме сабраліся “шчырыя патрыёты”, “людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй”. Ён напісаў, што “Белая Русь” была створаная “з народнай ініцыятывы” і стала “па-сапраўднаму масавым рухам”, на якім базуецца грамадзянская супольнасць і які стаў “ядром здаровых і канструктыўных сіл нашай краіны”. Кіраўнік дзяржавы спадзяецца, што ў будучыні аўтарытэт і роля грамадскага аб’яднання будзе ўзрастаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі