Раманчук аб замарозцы цэн: адно з самых разбуральных рашэнняў у гісторыі краіны
Яраслаў Раманчук / Еўрарадыё
Адным з самых разбуральных рашэнняў у гісторыі краіны назваў эканаміст Яраслаў Раманчук пастанову ўрада аб замарозцы цэн.
На гэтым тыдні Савет Міністраў прыняў рашэнне аб рэгуляванні цэн на шэраг сацыяльна-значных тавараў першай неабходнасці. Да канца лютага кошты на іх нельга павышаць, а з 1 сакавіка іх можна будзе павялічваць не болей чым на 0,2% у месяц. У спісе — 62 тавара і 50 найменняў лекаў.
"Гэта вялікі падарунак шэрай эканоміцы і вялікі падарунак тым людзям, якія будуць крышаваць і сачыць за дысцыплінай коштаў. Так ці інакш гэта адно з самых разбуральных рашэнняў у гісторыі нашай краіны", —заявіў Раманчук.
Паводле ягоных адчуванняў, чыноўнікі разумеюць, што ад іх патрабуюць немагчымага, і свядома набліжаюць крах эканомікі — "таму коштавае рэгуляванне, таму давайце дадушым ІП, таму давайце каленным жалезам выпалім інвестараў, каб нікому ў галаву не прыходзіла думка сюды ўкладваць грошы".
На думку Раманчука, гэтымі крокамі ўрад уносіць "важкі ўклад у тое, каб вясной і летам народ бурліў не толькі таму, што ёсць несправядлівасць і гуманітарная катастрофа, а яшчэ і таму, што паліцы беларускіх крамаў непазбежна будуць пусцець".
Такога ж меркавання — што прынятае рашэнне аб замарозцы коштаў не дасць працяглага станоўчага эфекту — прытрымліваюцца і іншыя эканамісты. Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Зміцер Крук, у прыватнасці, нагадаў Еўрарадыё, што рашэнне наўпрост рэгуляваць цэны прыводзіць да парушэння рынкавага механізму. Вынікам гэтага могуць стаць ўзнікненне дэфіцыту або дадатковай нагрузкі на вытворцаў, калі іх прымусяць пастаўляць тавары па заніжаных цэнах.
Калі вырабляць тавары з-за рэгуляваных коштаў стане нявыгадна, вытворцы могуць наогул адмовіцца ад нерэнтабельнага бізнесу або пераключыцца на тыя тавары, цэны на якія не рэгулююцца, мяркуе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык. Вынікам гэтага зноў жа могуць стаць дэфіцыт і чорны рынак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.