Інфляцыя толькі паскорыцца: эксперты пра перспектывы рэгулявання цэн
На некаторыя тавары цэны будуць запаволеныя штучна / Reuters
Пастановай Саўміна цэны на сацыяльна значныя тавары (62 найменні) і на 50 найменняў лекаў павінны быць замарожаныя да канца лютага. У наступныя месяцы яны могуць расці толькі на 0,2%.
Пры гэтым гадавая інфляцыя па выніках студзеня склала 7,7%. Цэны за першы месяц года павялічыліся на 1,1%.
— Мэтавая задача рашэння ўрада — гарантыя справядлівых цэн на пазіцыі харчовых тавараў і лекавых сродкаў штодзённага попыту. Пры гэтым у пералік уключаны лекавыя сродкі айчыннай вытворчасці, а харчовыя тавары ў асноўным вырабляюцца ў Рэспубліцы Беларусь, — паведамляе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Еўрарадыё даведалася, чым небяспечнае такое рашэнне і чаму ў рэчаіснасці яно мала дапаможа стрымаць цэны.
"Каб цэны не раслі, трэба ліквідаваць прычыну"
Рашэнне Саўміна тлумачыцца тым, што ў апошнія паўгода рост цэн паскорыўся. Пры гэтым рэсурсаў павышаць рэальныя заработныя платы ў дзяржавы няма. Бо апошнія два гады аплата працы і так моцна апярэджвала прадукцыйнасць.
Акрамя таго, на разгон інфляцыі ўплывае абясцэньванне беларускага рубля, якое адбывалася апошнія паўгода.
— Калі ў цябе няма магчымасцяў павялічыць даходы, ты можаш паспрабаваць зрабіць так, каб цэны не раслі. Але для гэтага трэба ліквідаваць прычыны, напрыклад, знізіць дэвальвацыйныя чаканні, мінімізаваць перадумовы для дэвальвацыі або, калі гэта актуальна, скараціць маштабы раздачы грошай дзяржпрадпрыемствам, якія "жывуць у нястачы". І вядома, падрабязна растлумачыць, што ты збіраешся рабіць і як гэта дапаможа вырашыць праблему росту цэн. Для гэтага патрэбна камунікацыя з людзьмі, якая ў нас, на жаль, усё больш нагадвае маналог, — кажа дырэктар Даследчага цэнтра ДПМ Аляксандр Чубрык.
Замест развязання праблем вырашана ўсё ж змагацца з іх наступствамі.
Эфект будзе кароткатэрміновы
— У падручніках эканомікі, якія ўрад лічыць чымсьці прымітыўным, цэны разглядаюцца як пераменная, якая балансуе і адлюстроўвае стан рынку. Рашэнне напрамую рэгуляваць цэны будзе прыводзіць да парушэння рынкавага механізма. Гэта будзе выяўляцца ва ўзнікненні дэфіцыту або дадатковай нагрузкі на вытворцаў, калі іх будуць прымушаць пастаўляць тавары па заніжаных цэнах, — кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.
Пры рэгуляванні цэн выдаткі вытворцаў і імпарцёраў павялічацца. Бо, напрыклад, кампаненты для вытворчасці лекаў могуць купляцца за замежную валюту, курс якой расце.
— Калі гаворка ідзе пра тавары, якія вырабляюцца ў Беларусі, але рублёвыя выдаткі вытворчасці якіх выраслі праз абясцэньванне рубля або, напрыклад, адміністрацыйнае павышэнне заробкаў і тарыфаў, то іх вытворцы будуць шукаць выхад — ад спынення нерэнтабельнай вытворчасці да пераключэння на тыя тавары, цэны на якія не рэгулююцца, — кажа Аляксандр Чубрык.
Менавіта так можа ўзнікнуць дэфіцыт і чорны рынак, проста як у Савецкім Саюзе. Пры больш мяккім сцэнары цэны вырастуць яшчэ мацней, чым без рэгулявання.
Эксперты адзначаюць, што на страту бізнес працаваць не будзе, значыць, вытворцам і імпарцёрам давядзецца альбо зачыняцца, альбо прыдумляць шляхі абыходу абмежаванняў. Тым больш што за ўсю гісторыю стрымлівання цэн у Беларусі бізнес да гэтага прыстасаваўся.
— Спроба рэгуляваць цэны можа даць вельмі кароткі эфект. Цябе заспелі знянацку, і ў бягучым месяцы ты не змог падняць цэны. Але ўжо ў наступным ты падрыхтуешся: зарэгіструеш новы тавар, памяняеш назву і склад. І з'явіцца новы тавар, на які цана не рэгулюецца, — працягвае Аляксандр Чубрык.
Выходзіць, да натуральнага росту цэн дадасца іх павелічэнне за кошт выдаткаў на тое, каб абысці абмежаванні.
— Мала таго, ты будзеш закладваць у цэны яшчэ і рызыкі будучага ўвядзення рэгулявання і павышэння цэн. Гэта значыць, цэны будуць павышацца з запасам. Калі паглядзець на нашу гісторыю, то мы ўбачым, што ў перыяды жорсткага рэгулявання цэн яны раслі хутчэй, чым у перыяды мінімальнага рэгулявання.
Чаму выбрана менавіта такое рашэнне?
На думку Дзмітрыя Крука, прамое рэгуляванне цэн — жаданне завуаляваць сістэмныя праблемы.
— Адэкватным рашэннем праблемы гэта назваць складана. На дынаміку цэн уплывае манетарная палітыка, гэта значыць з яе дапамогай вырашаецца пытанне інфляцыі. У манетарнай палітыцы ж супярэчнасць сядзіць на супярэчнасці. З аднаго боку, ёсць інфляцыя, якая паскараецца. З гэтай пазіцыі неабходна весці гаворку пра ўзмацненне жорсткасці палітыкі, павышэнне ставак у эканоміцы.
З другога боку, па словах суразмоўніка, манетарная палітыка не можа ігнараваць фактар фінансавай стабільнасці. Пры падвышэнні працэнтных ставак варта чакаць фінансавай дэстабілізацыі закрэдытаваных дзяржпрадпрыемстваў.
— Гэта значыць, крыніца праблем хаваецца ў сектары дзяржпрадпрыемстваў, які ў многіх выпадках неэфектыўны. У нас спрабуюць закрыць вочы на яго неэфектыўнасць, але так, каб гэта ні на што не паўплывала. Так не бывае. Нават такія кароткатэрміновыя праблемы, як паскарэнне інфляцыі, упіраюцца ў сістэмныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.