Раманчук: Беларусам трэба рыхтавацца да курса долара ў 15 000 рублёў

За чорным аўторкам для расійскага рубля, які вагаўся цэлы дзень і нават дасягаў адзнакі ў 81 рубель за долар супраць 58 у панядзелак, беларусы назіраюць зранку.

Як гэтыя хістанні могуць адбіцца на сітуацыі ў Беларусі? Вядома, што падзенне расійскага рубля робіць нашу прадукцыю неканкурэнтаздольнай на расійскім рынку, нагадвае фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб.

Іосуб: "Лічу, што экспарт, акрамя харчовай прадукцыі, будзе катастрафічна зніжацца. Будуць зніжацца паступленні валюты ад экспарту, будуць зніжацца падаткі ад экспарту. Па ідэі, нармальнай рэакцыяй было б змяненне рэжыму ўтварэння курса. Але ў нас гэтае пытанне не эканамічнае, а палітычнае. Таму незразумела, ці будзе прынятае такое рашэнне".

Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук папярэджвае пра неабходнасць комплексу эканамічных мер, якія трэба было праводзіць яшчэ ўчора!

“Трэба рыхтавацца да “жэстачайшага” крызісу! 1998 год падасца кветачкамі. Нам трэба рыхтавацца да заробкаў у 200-300 долараў, падзенне ВУП да 10-15%, а таксама да курса долара ў 15 000 рублёў на 1 студзеня, калі мы не хочам пахаваць сваю прамысловасць. Гэта плата за тое, што ў нас адзіны рынак збыту — у Расіі. Экстраныя меры трэба было прымаць яшчэ ўчора, чым даўжэй ўлады зацягваюць, тым больш балючым будзе падзенне. Трэба комплекс мер, бо адной дэвальвацыяй нічога не зробіш”, — агучвае прагноз Раманчук.

Эканаміст рэкамендуе распрацоўшчыкам бюджэту выкінуць яго на сметніцу і брацца за распрацоўку новага антыкрызіснага плана і яго рэалізацыю.

“Расія цяпер гробіць сваю краіну, а мы назіраем як зачараваныя і думаем, што рабіць. Калі вы чалавек, які любіць гуляць у рускую рулетку, — гуляйце, але пад падушкай даўно трэба мець запас у цвёрдай валюце”.

Эканаміст Леанід Заіка настойліва рэкамендуе не губляць часу і ехаць у Расію на шопінг.

“Спачатку беларусы памяняюць свае рублі на долары, потым у цягнік Мінск — Смаленск і скупляюць што ёсць: мяса, тэлевізары, аўто. Гэта проста рай, казка для спажыўцоў. Чыста спекулятыўная сітуацыя. Прадпрыемствы павінныя прыкрыць экспарт у Расію, каб потым не збанкрутаваць. Нашы тавары неканкурэнтаздольныя, але ў такіх умовах я не думаю, што нехта будзе купляць беларускае малако. Беларускім экспарцёрам давядзецца ўзяць тайм-аўт. І даслаць лісты падзякі ўсяму расійскаму Цэнтрабанку з пажаданнем творчых поспехаў”, — як заўсёды, з’едліва-сатырычна каментуе эканаміст.

На думку Леаніда Заікі, унутраны рынак могуць заваліць таннымі расійскімі таварамі, бо беларускія па цяперашніх цэнах будуць нікому не патрэбныя.

“Я толькі адтуль вярнуўся, і радавацца трэба і дзякаваць рускім за такія цэны. Што вы сядзіце — едзьце ў аўтацэнтр па джып. Па аўтобусы, аленяў, коней едуць беларусы, бо цэны проста шыкоўныя. Цяпер у Калінінградзе за 15 тысяч долараў можна набыць кватэру з відам на мора. А што да беларускіх прадпрыемстваў — то няхай баліць галава ў кіраўніка дзяржавы. Дзякуючы такім цэнам месяц-два беларусы змогуць пажыць каралямі!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі