Рашэнне па справе "ДАІ супраць блогера" могуць вынесці 27 снежня

Рашэнне па справе "ДАІ супраць блогера" могуць вынесці 27 снежня

Магілёўская міліцыя падала ў суд грамадзянскі іск на мясцовага блогера Аляксандра Ірха, абвінаваціўшы яго ў нанясенні шкоды дзелавой рэпутацыі ДАІ.

У лістападзе Ірха размясціў у суполках "Магілёў live" і "Бабруйск live" сацыяльнай сеткі "Вконтакте" ананімныя апытанні: "Якую суму грошай вы давалі супрацоўнікам ДАІ Магілёўскай вобласці?". Варыянты адказаў былі наступнымі: "Менш за 5 долараў", "10 долараў", "15 долараў", "20 долараў", "25-50 долараў", "101 і больш долараў", "Я пытанні без грошай вырашаў".

У тэме ні слова не было сказана пра хабар (аўтар апытання гаворыць, што там магло весціся і проста пра сумы штрафаў), а большасць удзельнікаў адказала, што альбо не мае аўтамабіля (30,9% інтэрнэт-карыстальнікаў), альбо "вырашалі пытанні без грошай" (28%) ці наогул "не сутыкаліся з ДАІ Магілёўскай вобласці" (21,5%). Тым не менш, упраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама падало на Аляксандра Ірха ў суд.

"Гэтая інфармацыя, якая носіць негатыўны, паклёпніцкі і правакацыйны характар, якая ўказвае на хабарніцтва ў шэрагах супрацоўнікаў ДАІ АУС вобласці, атрымала грамадскі рэзананс і нанесла шкоду дзелавой рэпутацыі службы ДАІ і УУС ў цэлым. У апытанні прыняло ўдзел не менш за 1700 карыстальнікаў, пры гэтым магчымасць так ці інакш азнаёміцца з яго зместам меў кожны з падпісантаў супольнасці (65 921 карыстальнік "Магілёў live" і 45 545 — "Магілёў real"), атрымаўшы паведамленні ў "навінах", — гаварылася ў іскавай заяве міліцыі.

Міліцыянты хочуць, каб блогер прызнаў, што зганьбіў дзелавую рэпутацыю, гонар і годнасць супрацоўнікаў ДАІ. Акрамя таго, Ірха павінен напісаць абвяржэнне і публічна папрасіць прабачэння за распаўсюд гэтай інфармацыі.

Аляксандр Ірха з патрабаваннямі міліцыі не згодны. Ён настойвае, што ствараў апытанне, маючы на ўвазе памер штрафаў, а не хабару. "Усе здагадкі пра хабар — гэта прыдумкі міліцыі", ― кажа ён.

Судовае пасяджэнне 21 снежня скончылася перапынкам да 27-га. На першым пасяджэнні міліцыянты агучылі матэрыялы асабістай перапіскі з адміністратарам суполак у сацсетках. Яны па-ранейшаму настойваюць, што блогер зганьбаваў іх гонар і годнасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі