Расія накіравала ў Беларусь да 5 тысяч вайскоўцаў — прадстаўніца ЗША пры ААН
Сустрэча расійскіх вайскоўцаў, якія прыбываюць у Беларусь / @modmilby
Расія накіравала ў Беларусь да 5 тысяч вайскоўцаў, заявіла ў панядзелак прадстаўніца ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд. Гэтую лічбу яна агучыла на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН. Яе словы прыводзіць агенцтва ТАСС.
"Расія перакінула блізу 5 тысяч вайскоўцаў у Беларусь, а таксама балістычныя ракеты малой далёкасці, войскі спецыяльнага прызначэння і батарэі СПА", — сказала яна.
Паводле яе звестак, да пачатку лютага "Расія мае намер пашырыць сваю прысутнасць да больш чым 30 тысяч вайскоўцаў на беларуска-ўкраінскай мяжы".
На Радзе Бяспекі ААН у панядзелак абмяркоўвалі сітуацыю вакол Украіны. На Захадзе мяркуюць, што Расія можа пачаць агрэсію ў дачыненні да гэтай краіны. Лінда Томас-Грынфілд, у прыватнасці, казала пра тое, што "Расія прыгразіла ваеннымі дзеяннямі, калі яе патрабаванні не будуць выкананыя". Гаворка аб пісьмовых гарантыях бяспекі, якія Масква хоча атрымаць ад NATO і ЗША. У іх, сярод іншага, гаворка ідзе аб непашырэнні НАТА на Усход і адмова ад прыёму ў альянс новых сябраў з ліку былых савецкіх рэспублік.
Томас-Грынфілд таксама заявіла, што ЗША не пачулі ад Расіі на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН адказаў на свае заклапочанасці па сітуацыі вакол Украіны.
Беларуска-расійскія вучэнні "Саюзная рашучасць" пройдуць на тэрыторыі Беларусі з 10 па 20 лютага. Раней паведамлялася, што ў іх будзе задзейнічаны "шэраг вайсковых частак Усходняй ваеннай акругі ВС РФ". У Беларусь былі перебазаванымі, сярод іншага, два дывізіёна ЗРК С-400 і 12 знішчальнікаў Су-35.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.